Навіны














Псіхатэрапія творчасцю у арт-аб’ектах і інсталяцыях

ЭНЕРГІЧНАЕ І НЕТРАДЫЦЫЙНАЕ

Завітаўшы ў доўгія памяшканні Палаца мастацтваў, адчуваеш: патрапіў на свята, дзе энергія колераў, форм, разнастайных элементаў б’е ключом. Белыя сцены стракатыя ад вогненных адценняў абстрактнага жывапісу, а, ідучы па выстаўцы, абавязкова трэба звяртаць увагу на падлогу, дзе нечакана пад нагамі можа з’явіцца зграя птушак альбо раскіданая садавіна. Усебеларускі арт-фэст мастацкіх аб’ектаў і інсталяцый «Таму што…» працуе ў Рэспубліканскай галерэі Беларускага саюза мастакоў. Ён падрыхтаваны з ідэяй уразіць гледача, расказаць, чым вартае і ў чым перспектыва такога мастацтва.

Удзел у арт-фэсце ўзялі сябры Беларускага саюза мастакоў ды іншых творчых саюзаў, а таксама студэнты беларускіх мастацкіх навучальных устаноў. Куратарам выставачнага праекта выступае мастак, кіраўнік секцыі графікі Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Савіч. Менавіта з яго ідэі — паказаць не жывапіс, не скульптуру, а менавіта мастацкі аб’ект са зместам — і пачалася падрыхтоўка да фэсту. Мастакі паставілі мэту — данесці гледачам сутнасць і перспектыву вобразнасці аб’екта. Старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца адзначыў менавіта так:

— Хопіць нам прыніжацца ў мастацтве, трэба пазіцыянаваць сябе як краіну, што знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. Канечне, шмат чаго не зроблена, магчыма ў нейкіх творчых плынях мы спазняемся. Але ж бывае і так, што той, хто спазніўся на пэўным этапе, выбіваецца ў лідары. Мы маем цікавы праект, які распачаў наш паважаны калега Уладзімір Савіч, сам факт удзелу ў працэсе якога — гарантыя, што выстаўка атрымаецца цікавай, змястоўнай і высокамастацкай. Творчы аб’ект хтосьці можа ўспрыняць як нешта простае, кожнаму падуладнае. Але нічога падобнага: аб’ект як жывапіс, графіка і скульптура — мастацкая форма, якая патрабуе адукацыі, мастацкага густу, фантазіі і творчай філасофіі. Сёння мы сведкі важнага свята. Яно, між іншым, стала ўпэўненым адказам усім снобам і скептыкам, якія калісьці Палац мастацтва залічылі ў нешта рэтраграднае. Экспазіцыя яскрава адлюстроўвае, што мастацтва ў гэтых сценах жыве, развіваецца і, безумоўна, дэманструе паспяховы вынік творчых асоб.

Пэўная колькасць экспанатаў зроблена ў стылі трэш-арт, які сёння актуальны ва ўсім свеце. Ён прадугледжвае поўнае адмаўленне ад традыцыйнасці і стэрэатыпнасці, не церпіць шаблонаў і адмаўляе камерцыйную аснову. Такія аб’екты будуць цікавыя гледачам, якія захапляюцца эфектам непрадказальнасці. Абсалютна незвычайная манера падрыхтоўкі твораў у асноўным падуладная маладым аўтарам, якія ўсё часцей цягнуцца да эксперыментаў. Не прытрымліваюцца тэндэнцый, а шукаюць новыя напрамкі, якія ў межах краіны магчыма рэалізаваць.

ЭКСКЛЮЗІЎНАЯ АБСТРАКЦЫЯ

У арт-фэсце «Таму што…» прымаюць удзел мастакі з розных абласных гарадоў і рэгіёнаў Беларусі. Адно з вядучых месцаў у выстаўцы займае віцебская мастацкая школа. Сярод прадстаўнікоў — таленавіты Аляксандр Малей, паслядоўнік творчасці Казіміра Малевіча. Тут не толькі супадзенне ў сугучнасці прозвішчаў, але і блізкае па духу ўспрыманне мастацтва. Абстрактныя творы Аляксандра Малея — амаль 3D-аб’екты, якія можна выкарыстоўваць на здымачных пляцоўках. Прадстаўленыя творы ствараюць атмасферу містычнасці. Здаецца, што трапляеш на іншую планету. Напэўна, справа ў колерах, якія аўтар спецыяльна не робіць светлымі, а, наадварот, насычае ярка-чырвонымі і ружовымі адценнямі. Так глядач хутчэй усведамляе мастацкую фантастычнасць.

Яшчэ адзін віцебскі мастак — Віктар Шылко. Яго асноўнае крэда — «Імкнуся быць непазнавальным». Творца прывёз на выстаўку серыю палоцен непрадметнага жывапісу, які трэба разгадаць. Задача не з лёгкіх: нягледзячы на візуальную замаскіраванасць палотнаў, мастак аздобіў іх завуаляваным ідэйным зярняткам. Нават людзям, што не маюць дачынення да мастацтва, яго работы будуць даспадобы.

А вось мастак Генадзь Козел інакш адчувае абстракцыянізм: ён аналізуе амаль кожны сантыметр карціны і пазбягае дэкаратыўнасці ў творах, бо лічыць, што ўздзеянне на гледача можа быць надакучлівым. У рабоце аўтар выдзяляе сюжэт, а ўсё астатняе — мастацкі антураж. Прадстаўленая ў экспазіцыі работа «Белы забор» — відавочны прыклад такога падыходу.

ВІЗУАЛЬНАЕ І ЎНУТРАНАЕ

У самым сэрцы Палаца мастацтваў дэманструюцца птушкі розных відаў, колераў і памераў. Гэта не выпадковы збор крылатых у адной зале. Раней прыгажуні ўдзельнічалі ў мастацкім праекце Уладзіміра Панцялеева «Птушкі сусвету» і палюбіліся беларускай публіцы. Сёння яны — годнае ўпрыгожанне выставачнай пляцоўкі. Іх не трэба ўспрымаць проста, бо птушкі — вытанчаныя творы мастацтва. Напрыклад, маладая мастачка Аксана Еўдакіменка зрабіла невялікую птушку, унутры якой акенца, адкуль выглядае дзяўчына. Падыход аўтаркі дэманструе ўнутраную сувязь чалавечага духу з наваколлем і яго працэсамі. А птушка мастака-жывапісца Аляксандра Грышкевіча не такая шчаслівая і жыццярадасная, як у Аксаны Еўдакіменка: яе тонкія ногі прымацаваныя да жалезнай клеткі, што не дазваляе крылатай атрымаць асалоду ад неабходнага пачуцця свабоды і вольнага палёту. Такім чынам, кожная птушка адкрывае гледачу вочы на ідэю жыцця і існавання. Аўтары далі ім як візуальнае, так і ўнутранае напаўненне. Дарэчы, праект «Птушкі сусвету» выклікае цікавасць у малых, якія атрымліваюць магчымасць не проста паглядзець на птушку, але і патрымаць у руках, адчуць матэрыял, з якога створаны экспанат.

АЎТАРСКАЯ ФІЛАСОФІЯ

Аўтары, якія ўдзельнічаюць у арт-фэсце, безумоўна, арыгінальныя. Многія іх работы выклікаюць нечаканае здзіўленне і прымушаюць задумацца над тым, у якіх умовах ствараўся аб’ект. Рэтра-крэсла пад дзіўнай назвай «Дзед Панкрат» у выкананні сталічных дызайнераў Дзмітрыя Сурскага і Дзяніса Трапашкі сшытае з шэрай пацёртай тканіны, ножкі, напэўна, знятыя са стала савецкага часу, а спіна зроблена ў выглядзе галавы з вушамі. Прыглядзеўшыся бліжэй, разумееш: крэсла і ёсць сталы чалавек, адзенне якога выцвіла, але ж дух застаўся моцным.

Напэўна, самы вялікі аб’ект, прадстаўлены ў экспазіцыі, падрыхтаваў Канстанцін Вашчанка. Вялікая канструкцыя ў выглядзе гадзіннага механізма, выкананая з розных жалезных дэталяў, значна вышэй за чалавека. Тут адразу зразумела, што хацеў сказаць аўтар. Нягледзячы на разнастайныя абставіны і перашкоды, трэба верыць цану часу, адчуваць, што менавіта сёння мы можам зрабіць усё, бо хто ведае, што рыхтуе наступны дзень. Адсюль і такі памер канструкцыі, бо час — адзін з галоўных складнікаў жыцця.

Цікавы і арыгінальны твор пад назвай «Дзяцінства са сноў. А я з дзяцінства» падрыхтавала мастачка Валянціна Ляховіч. Яе арт-аб’ект — дзіцячая мара, дзе ёсць усё: пачынаючы ад касмічных матываў і да цацачных самавараў. Канструкцыя прадстаўлена ў выглядзе рознакаляровага слупа, які хацела мець кожнае дзіця савецкіх часоў, таму дарослыя так уважлівала і разглядаюць экспанат. Ён абуджае пачуцці, захапляе і падымае настрой.

ПРАЦЯГ БУДЗЕ

Па словах куратара Усебеларускага арт-фэсту «Таму што…» Уладзіміра Савіча, арганізацыя экспазіцыі была адным з вялікіх крокаў на шляху стварэння маштабных мастацкіх фестываляў і конкурсаў. Работы мастакоў, дызайнераў, архітэктараў, скульптараў, якія публіка можа назіраць на працягу работы фэсту, — заклік да асэнсавання адносін са светам, адносін з самім сабой. Аўтары, нібыта псіхатэрапеўты творчасцю і адкрытасцю, дапамагаюць азірнуцца і зразумець, наколькі душы чалавека патрэбна мастацтва і гармонія з наваколлем. А паколькі сёння ў беларусаў ёсць магчымасць паглыбляцца ў мастацкія працэсы, адчуваць іх развіццё, раскрываць новыя сэнсы, чаму б ёй не скарыстацца? Дарэчы, падчас прагляду экспазіцыі ў выставачнай прасторы іграе якасная джазавая музыка, што робіць атмасферу яшчэ больш святочнай і ўтульнай.

Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара

напісанае застаецца







Кантакты
Адрас рэдакцыі: Юрыдычны адрас:
220013, Мінск,
вул. Б. Хмяльніцкага, 10-а
Е-mail: lim@zviazda.by

Адрас для карэспандэнцыі:
220013 Мінск, пр. Незалежнасці, 77
Е-mail: lim_new@mail.ru

Адрас у інтэрнэце: www.lim.by

Тэлефоны:
галоўны рэдактар — 292-20-51
намеснік галоўнага
рэдактара — 287-17-98
адказны сакратар — 292-20-51
аддзел крытыкі і бібліяграфіі — 292-56-53
аддзел прозы і паэзіі — 292-56-53
аддзел мастацтва — 292-20-51
аддзел «Кніжны свет» — 292-56-53
бухгалтэрыя — 287-18-14
Тэл./факс — 292-20-51
Выходзіць раз на тыдзень
па пятніцах.

Падпісныя індэксы:
63856 — індывідуальны;
63815 — індывідуальны льготны
для настаўнікаў;
638562 — ведамасны;
63880 — ведамасны льготны.
Пасведчанне аб дзяржаўнай
рэгістрацыі сродку масавай
інфармацыі № 7 ад 10.12.2012,
выдадзенае Міністэрствам
інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Выдавец:
Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом “Звязда”».
Дырэктар — галоўны рэдактар
Аляксандр Мікалаевіч КАРЛЮКЕВІЧ
Тэхнічны рэдактар,
камп’ютарная вёрстка:
А. В. Бізункова
Камп’ютарны набор:
Г. Я. Палякова
Стыльрэдактар:
Н. А. Святлова