Навіны














Сябры, сапернікі, калегі…

Беларускія пісьменнікі і іх рускія перакладчыкі

«Я звяртаю ўвагу скептыкаў на маладую літаратуру беларусаў…» ― пісаў Максім Горкі ў артыкуле «Пра пісьменнікаў-самавучак», надрукаваным у Санкт-Пецярбургскім часопісе «Современный мир» у 1911 годзе. «…На работу людзей, што згрупіраваліся вакол газеты «Наша ніва». Дазволю сабе прывесці песню, выдадзеную нядаўна «Нашай нівай», словы напісаныя беларускім паэтам Янкам Купалам».

БЕЗ КРЫЎДЫ

Гэта быў верш «А хто там ідзе?» у перакладзе на рускую мову. Ці не ўзяць яго за пачатак супрацоўніцтва, якое і сёння актыўна працягваецца, ― супрацоўніцтва беларускіх пісьменнікаў і рускіх перакладчыкаў?..

Да слова, пераклад Горкага спрэчны: Купалаву «крыўду» ён ператварыў у «кривду», што змяняе сэнс радка. Горкі звяртаецца да аўтара: «Прашу Янку Купалу прабачыць мне благі пераклад яго красамоўнай і суровай песні».

З «самавучкам» Купалам Горкага пазнаёміў навуковец Андрэй Посах: будучы кандыдат фізіка-матэматычных навук захоплена дэкламаваў вершы са зборніка «Жалейка». Яго ж Посах пазней дашле Горкаму, уклаўшы ноты песні «А хто там ідзе?». Пісьменнік усур’ёз зацікавіўся творчасцю беларуса, нават думаў, як бы перакласці паэму «Адвечная песня» на «великорусский язык». Але справа скончылася адным вершам.

РОДНЫЯ ДУШЫ

Сяброўства Міхаіла Ісакоўскага і Янкі Купалы пачалося ў сярэдзіне 1930-х дзякуючы «творчым абменам» паміж Мінскам і Смаленскам: у беларускай сталіцы выйшаў зборнік «Паэты Заходняй вобласці» (1935), у тым ліку з вершамі Ісакоўскага, а ў Смаленску ― «Паэзія Савецкай Беларусі» (1934), адпаведна, з творамі Купалы.

Яны часта сустракаліся ў рабочых паездках, разам выступалі перад рабочымі і іншай «мэтавай» аўдыторыяй. Ісакоўскі ўсё часцей звяртаўся да творчасці Купалы. У выніку сабралася больш як семдзесят паэтычных перакладаў. Якія, да слова, падабаліся беларускаму творцу: ён заўжды ўключаў іх у свае рускамоўныя кнігі. Была і зваротная сувязь: Купала пераклаў верш Ісакоўскага «Майстры зямлі» (надрукаваны ў «ЛіМе» ў 1934 годзе).

Ісакоўскі, захоплены паэзіяй Купалы, падрыхтаваў у 1937 годзе яго зборнік «Выбраныя вершы», які складаўся выключна з перакладаў самога Ісакоўскага.

Яны вялі актыўнае ліставанне. І адным з апошніх лістоў Купалы аказаўся ліст да Ісакоўскага: паэт дзякаваў за адданую работу і запрашаў да падрыхтоўкі новага рускамоўнага зборніка.

Купалу і Ісакоўскага лучыла не толькі літаратурная справа, але і падобнасць лёсаў, якая сталася падобнасцю характараў і светапоглядаў. Абодва нарадзіліся ў шматдзетных сялянскіх сем’ях: у Ісакоўскага з дванаццаці сясцёр і братоў выжыла пяцёра, у сям’і Купалы з сямёх засталося чатыры. Абодва былі чуйныя да людзей, сціплыя, па-мудраму простыя і надзвычай патрабавальныя да сябе ў працы. Абодва прайшлі праз газетныя рэдакцыі: Купала працаваў у «Нашай ніве», Ісакоўскі ― у «рабочым» друку. На творчы лёс абодвух паўплываў Максім Горкі (зрэшты, на чый лёс ён не ўплываў у свой час?..).

Апроч іншага, Ісакоўскаму была вельмі блізкая беларуская мова. На Смаленшчыне захаваліся такія словы, як «краіна», «мужык», «пан», «хата», «жыта», «шлях», «жалейка», «бульба»; бацька Ісакоўскага ў пошуку заробку вандраваў па беларускіх вёсках. Вершы Купалы былі для рускага паэта гісторыямі пра яго ўласную радзіму ― «и даже, может быть, обо мне самом».

НЯПРОСТАЕ СЯБРОЎСТВА

«Мой дорогой друг!» ― пачынаў свае лісты да Сяргея Гарадзецкага Якуб Колас. У эпісталярнай спадчыне Коласа, якая налічвае больш за тысячу лістоў і паштовак, немалая доля прыходзіцца на адрас Гарадзецкага. Але не заўжды іх стасункі былі роўныя.

Яны пазнаёміліся ў 1933 годзе. «Чалавек ён быў вельмі цікавы, з дваранаў, карыстаўся аўтарытэтам у мастацтве, ― кажа пра Гарадзецкага Міхась Міцкевіч, сын Коласа. ― Ён жа «адкрыў» нам Ясеніна. Паводле яго слоў, ён скончыў два факультэты ўніверсітэта, многа вандраваў па свеце. Многае пабачыў і пра ўбачанае, дамаляванае яго багатай фантазіяй, расказваў неверагодныя гісторыі. Расказчыкам ён быў выдатным, хоць дыкцыя была даволі невыразная, і бацька параўноўваў яе з цецеручыным балбатаннем. А за верагоднасць гісторый у жарт называў Наздровым. Але ж пасябраваў і прывязаўся да яго, перасылаў многа грошай для падтрымкі».

Ключавую ў творчасці Коласа «Новую зямлю» на рускую мову пераклаў усё той жа Ісакоўскі, які называў паэму самым любімым творам: яго захаплялі «першародная чароўнасць і зямная плоць верша Коласа і яго тонкая паэтычнасць». Зрабіў пераклад некалькіх раздзелаў і Гарадзецкі. Але няўдала. Максім Лужанін зрабіў шэраг заўваг па перакладзе, і Колас угаворваў Гарадзецкага выправіць работу («месцаў 500»), але той адмовіўся. Нават больш: прыпыніў пераклад «Рыбаковай хаты». Да Коласа дайшлі звесткі, што пакрыўджаны Гарадзецкі распаўсюджваў чуткі, быццам бы «Новая зямля» ― кулацкая паэма. Колас напісаў з гэтай нагоды ліст Гарадзецкаму.

Да слова, стасункі Коласа з перакладчыкамі простымі не былі ніколі. Ён быў добразычлівы, але вельмі патрабавальны. Дасылаў перакладчыку падрабязныя тлумачэнні незразумелых слоў і выразаў (у тым ліку Гарадзецкаму). Вера Міцкевіч, унучка паэта, распавядала, што Колас паважаў Гарадзецкага. А вось Гарадзецкі «ставіў сябе вышэй за Коласа. І рабіў пераклады не заўсёды добрасумленна. Таму ў Коласа было шмат прэтэнзій. «Па-другому складваліся адносіны з іншымі перакладчыкамі. Скажам, вельмі якасна і добрасумленна стараўся перакладаць Пётр Андрэевіч Сямынін».

І ўсё ж апошнія лісты Коласа, напісаныя ў дзень яго смерці 13 жніўня 1956 года, былі адрасаваныя перакладчыкам ― Яўгену Мазалькову і Сяргею Гарадзецкаму.

РАМАН ЗА ДВА МЕСЯЦЫ

Пра стасункі Івана Шамякіна з рускамоўнымі перакладчыкамі пісала яго дачка Таццяна Шамякіна. Сярод першых перакладаў яна згадвае раман «Глыбокая плынь», які ў 1948 годзе апублікаваў часопіс «Полымя». На твор звярнула ўвагу маскоўская перакладчыца Соф’я Грыгор’ева (яна мела беларускія карані). У 1949-м раман выйшаў асобнай кнігай у Мінску ― і тады ж, на рускай мове, у Маскве. Перакладчыца была так захопленая раманам, што работа заняла ўсяго два месяцы.

Таксама да творчасці папулярнага празаіка звярталіся перакладчыкі Міхаіл Гарбачоў, Валянціна Шчадрына, Арсен Астроўскі, Павел Кабзарэўскі… З апошнімі двума ў Шамякіна склаліся цёплыя сяброўскія адносіны. Астроўскі пераклаў на рускую мову апавяданні «Дзве сілы», «Сялянка», «Хадакі», «Першае спатканне», раманы «У добры час», «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», пенталогію «Трывожнае шчасце» (разам з Кабзарэўскім).

Шамякін актыўна ліставаўся з пецярбургскімі перакладчыкамі, асабліва ― з Кабзарэўскім. Паміж рабочымі тэмамі абавязкова згадваліся справы сямейныя: «Як жыву? Хвароба выбіла з творчай каляіны. Тры месяцы нічога не пішу і наогул нічога не раблю. Зараз адчуваю сябе лепш, але брацца за працу лянуюся. Маша (жонка Івана Шамякіна. ― А.Ж.) таксама, нарэшце, стала на ногі і лечыць дамашнімі сродкамі мяне і малых». Ліставанне доўжылася амаль дваццаць гадоў, з 1951 па 1970-ы, і часта ў лістах да Паўла ён перадаваў прывітанні Астроўскаму.

«Янка Купала і Максім Горкі». А. Глебаў, 1948 год.

ТАЯМНІЧАЯ ДАМА

У кнізе Анатоля Кудраўца «За дальнім прычалам» ёсць раздзел «Вузлы», прысвечаны сустрэчам з Янам Скрыганам. Згадваючы паездку ў Каралішчавічы ўвосень 1971 года, аўтар піша: «Яркай падзеяй запомнілася з’яўленне ў доме творчасці незнаёмай асобы ― высокай, стройнай, у блакітных, расклёшаных ледзь не на флоцкі манер штанах. […] Інтрыгай было і тое, што некалькі разоў побач з ёй я заўважаў Івана Аляксеевіча. […] Нешта выдавала, што паміж гэтай парай ― высокая, строгая ў паставе і хадзе дама і невысокі, трошкі мешкаваты, з пастаянным крутым паваротам галавы да субяседніцы, быццам ён увесь час стараўся зазірнуць ёй у вочы, Іван Аляксеевіч, ― што паміж гэтымі дваімі нешта ёсць ці павінна адбыцца».

І адбылося: пераклад апавяданняў Яна Скрыгана ў «Нёмане». Таямнічая жанчына ў модных штанах аказалася пецярбургскай перакладчыцай Ідаліяй Кананец. Анатоль Кудравец між іншымі зазначае, што Ідалія Ігнатаўна валодае «шчымлівым чуццём да беларускага слова». Разгадка простая: перакладчыца родам з Сенненскага раёна Віцебскай вобласці.

Ідалія Кананец перакладала і прозу Максіма Гарэцкага. А пачалося ўсё з ліста ад «Мастацкай літаратуры» ў 1987 годзе. Пра гэта Ідалія Ігнатаўна распавяла сама ― у лісце, дасланым да прэзентацыі выбраных твораў Гарэцкага ў перакладзе на рускую мову «Родные корни».

«Да гэтага часу я ўжо ведала і ўсёй душой разумела і прымала Гарэцкага, але нават не сніла, што мне даручаць перакладаць класіка. [...] Пасля выхаду ў свет «Выбранага» вырашыла пазнаеміцца з Галінай Максімаўнай Гарэцкай. Гэта знаёмства перарасло ў сяброўства: сустрэчы ў мяне і ў яе, дні народзінаў, абмен кнігамі, ледзь не штотыднёвыя тэлефонныя размовы… […] Сяброўства наша цягнулася да сыходу дачкі М. Гарэцкага ў далейшы незваротны шлях. Я была б нашмат бяднейшая душой, калі б не маё сяброўства з Галінай Максімаўнай».

Пераклады асобных апавяданняў Максіма Гарэцкага, зробленыя Ідаліяй Кананец, друкаваліся ў «Нёмане». Таксама можна ацаніць яе работу з раманам «На імперыялістычнай вайне».

НЯЎДАЛАЕ ПРЫЗЯМЛЕННЕ

Усесаюзная папулярнасць прыйшла да Уладзіміра Караткевіча ў 1969 годзе, пасля публікацыі «Маладой гвардыяй» рускамоўнага перакладу «Чазеніі». Над ім працаваў Уладзімір Сяўрук, які да таго паспеў перакласці апавяданні Караткевіча «У шалашы», «Ідылія ў духу Вато», «Вока тайфуна».

Што да ключавых твораў беларускага рамантыка, іх перастварэннем на рускую мову займалася Валянціна Шчадрына. Дзякуючы ёй прыйшлі да новага чытача «Каласы пад сярпом тваім», «Чорны замак Альшанскі», «Дзікае паляванне ка­ра­ля Стаха», «Зброя». Аднак і яна не насмелілася ўзяцца за пераклад рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Даследчык Пятро Жаўняровіч зазначае, што першы пераклад гэтага рамана на рускую мову, «вельмі скарочаны і не зу­сім удалы, быў апублікаваны ў № 11― 12 часопіса «Нёман» за 1966 г. Варта нагадаць, што ў той час над перакладчыкам Навумам Кіслікам, у дадатак да ўсяго іншага, вісеў і ідэ­алагічны меч ― атэістычны, які не садзейнічаў паўна­вар­таснай працы з тво­рам».

Наступная спроба адбылася праз сорак гадоў: у 2006-м выдавецтва «Амфора» ў Санкт-Пецярбургу выпусціла рускамоўнага «Хрыста…» (што цікава, не ўзгадніўшы пытанне аўтарскага права з яго ўладальнікам). Але, пераклад не ўдаўся. «Нават падчас першага знаёмства з кнігай (звычайнага перагортвання старонак) узнікае два пытанні. Свядомы выбар Караткевіча нумарацыі раздзелаў рымскімі лічбамі пе­ра­роблены пераклад­чы­кам альбо выдавецтвам: у перакладзенай кнізе выка­рыс­та­ны арабскія, якія па­чалі выкарыстоў­вацца ў Еўропе толькі з канца ХV ст. і ў ХVІ, наўрад ці маглі шырока распаўсю­дзіцца на тэрыторыі Беларусі. Назва рамана ўтрымлівае найменне горада, якога не існавала ў ХVІ ст. (Гора­дзен, Горадня, Гародня, а не Гродно) », ― разважае Пятро Жаўняровіч. «Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што А. Сурнін усё ж такі заўважае не­­каторыя стылістычныя хібы арыгінала і спрабуе іх ліквідаваць».

Пазнаёміўшыся з перакладам Сурніна, беларускі мовазнаўца вырашыў выправіць сітуацыю: сам пераклаў «Хрыста…» на рускую мову. Кніга выйшла ў 2011 годзе. Але найбольш адэкватны, «пісьменны» пераклад так і не займеў распаўсюд на кніжным рынку Расіі.

На гэтым гісторыя не заканчваецца: шматлікія тэксты ў новым зборы твораў Караткевіча публікуюцца моцна дапоўненымі, змененымі. А значыць, патрэбныя новыя пераклады на рускую мову.

Андрэй ЖБАН

напісанае застаецца







Кантакты
Адрас рэдакцыі: Юрыдычны адрас:
220013, Мінск,
вул. Б. Хмяльніцкага, 10-а
Е-mail: lim@zviazda.by

Адрас для карэспандэнцыі:
220013 Мінск, пр. Незалежнасці, 77
Е-mail: lim_new@mail.ru

Адрас у інтэрнэце: www.lim.by

Тэлефоны:
галоўны рэдактар — 292-20-51
намеснік галоўнага
рэдактара — 287-17-98
адказны сакратар — 292-20-51
аддзел крытыкі і бібліяграфіі — 292-56-53
аддзел прозы і паэзіі — 292-56-53
аддзел мастацтва — 292-20-51
аддзел «Кніжны свет» — 292-56-53
бухгалтэрыя — 287-18-14
Тэл./факс — 292-20-51
Выходзіць раз на тыдзень
па пятніцах.

Падпісныя індэксы:
63856 — індывідуальны;
63815 — індывідуальны льготны
для настаўнікаў;
638562 — ведамасны;
63880 — ведамасны льготны.
Пасведчанне аб дзяржаўнай
рэгістрацыі сродку масавай
інфармацыі № 7 ад 10.12.2012,
выдадзенае Міністэрствам
інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Выдавец:
Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом “Звязда”».
Дырэктар — галоўны рэдактар
Аляксандр Мікалаевіч КАРЛЮКЕВІЧ
Тэхнічны рэдактар,
камп’ютарная вёрстка:
А. В. Бізункова
Камп’ютарны набор:
Г. Я. Палякова
Стыльрэдактар:
Н. А. Святлова