Навіны














Прысесці побач з класікам

Помнік Янку Купалу можа з’явіцца ў Татарстане

Яго стварэнне і ўсталёўка — адзін з пунктаў пагаднення аб супрацоўніцтве, падпісанага ўвосень мінулага года паміж Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы і Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміяй беларусаў Расіі. Мяркуецца, што помнік паэту з’явіцца ў Пячышчах, непадалёк ад Казані, дзе Купала пражыў восем месяцаў падчас эвакуацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, тут жа з 1975 года працуе і адзіны ў Расіі музей песняра — філіял Нацыянальнага музея Рэспублікі Татарстан.

Менавіта Пячышчы сталі для Купалы апошнім утульным і цёплым прытулкам. Тут ён пісаў вершы, публіцыстыку. Наш пясняр асабліва любіў бавіць час ля ракі Волгі. На сваёй любімай лаўцы, на высокім беразе ракі, ён часта сядзеў, задуменна ўзіраючыся ўдалячынь, гутарыў з мясцовымі жыхарамі. Таму верагодна, што помнік Купалу будзе менавіта такім: фігура паэта размесціцца на лаўцы, а побач з класікам застанецца месца і для аматара яго паэзіі ці проста мінака, якога яшчэ толькі чакае знаёмства з яго спадчынай.

— Я ведаю, што скульптар Павел Вайніцкі, які з’яўляецца таксама аўтарам мемарыяльнай дошкі Купалу ў Рызе, ужо распрацаваў эскізы будучага помніка. Але мы хочам даць магчымасць усім творцам выказаць свае прапановы, таму будзе аб’яўлены конкурс на лепшы праект помніка, яго мастацкае рашэнне, — кажа дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч. — Спадзяюся, што гэты праект удасца ажыццявіць. Справа гонару кожнага беларуса, каб помнік песняру быў у Татарстане, у Пячышчах, на той зямлі, што дала апошні сямейны дом Купалу.

Гэтага ж меркавання прытрымліваецца і Ганаровы консул Беларусі ў Казані Сяргей Марудэнка. Ён лічыць, што помнік Купалу ў Татарстане абавязкова павінен быць устаноўлены, бо гэта след нашага земляка на Паволжы. Дарэчы, па меркаванні Сяргея Паўлавіча, помнік беларускаму класіку ў Пячышчах можа павысіць цікавасць жахароў і гасцей Татарстана да гэтага сяла.

Пра Купалу ў Пячышчах памятаюць. Пра гэта сведчыць праца музея беларускага класіка, адкрытага ў той жа кватэры, дзе Купала з жонкай Уладзіславай Францаўнай жылі падчас эвакуацыі.

— Калі ў 1975 годзе ствараўся музей, — распавядае вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Янкі Купалы Галіна Варонава, — то на гарышчы дома знайшлі мэблю, што стаяла ў кватэры, калі там жыў Купала з жонкай. Відаць, новыя жыхары, набыўшы новую мэблю, старую проста схавалі на гарышчы, таму яна і захавалася. А музей Купалы ў Пячышчах можна лічыць мемарыяльным, бо ён захоўвае аўтэнтычныя рэчы, звязаныя з жыццём нашага класіка. Сёння яны размешчаныя ў мемарыяльным пакоі, дзе ўсё застаецца так, як было пры Купалу.

Адметна, што і ў музеі Купалы ў Мінску ёсць прадметы, што распавядаюць пра побыт песняра ў Татарстане.

— Гэта найперш асабістыя рэчы класіка: скрыня, прылады для галення, запалкі, сцізорык, самаробны падсвечнік, выраблены рабочымі мукамольнага камбіната — менавіта на яго тэрыторыі размяшчалася кватэра, дзе жыў класік, — па просьбе самога Купалы. Падсвечнік абпалены, таму відавочна, што Іван Дамінікавіч ім карыстаўся, — падкрэслівае Галіна Юр’ёўна.

У Пячышчах Купала шмат працаваў, пісаў вершы, публіцыстыку. Тут напісаны вершы «Зноў будзем шчасце мець і волю», «Хлопчык і лётчык на вайне», тут Купала працаваў над баладай «Дзевяць асінавых колляў» (захаваўся цікавы чарнавік гэтага твора на пачку папірос «Ява»). На беразе Волгі ён напісаў артыкул «Кліч да беларускага народа», даклад «Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя», які прагучаў на сакавіцкай сесіі Акадэміі навук, што праходзіла ў Казані. Дарэчы, менавіта ў Казані 18 студзеня 1942 годзе адбываўся і радыёмітынг беларускага народа. Для ўдзелу ў ім Купала адмыслова наведваў Казань, нават, паводле ўспамінаў, пераехаў Волгу па лёдзе.

І гэта нядзіўна. Бо, як успамінаюць мясцовыя жыхары, зіма з 1941 на 42-і год была вельмі халодная: 35 — 40 градусаў ніжэй за нуль! Таму Купалу, які ў той час часта хварэў на прастуду, вельмі пашанцавала жыць не ў гасцініцы ў Казані (там тэмпература паветра ў пакоях не ўздымалася вышэй васьмі градусаў цяпла), а ў службовай кватэры мукамольнага камбіната, які меў сваю кацельную, таму ў пакоі Песняра было адносна цёпла.

Рэчы, якімі Янка Купала карыстаўся ў Пячышчах.

Дарэчы, запрасіў Купалу застацца ў Пячышчах тагачасны дырэктар мукамольнага камбіната Іван Наякшын. Ён быў знаёмы з творчасцю паэта, таму палічыў за гонар запрасіць яго да сябе ў госці, а потым і прадаставіў класіку з жонкай службовую кватэру ад камбіната. Ды і сам Купала, знясілены доўгай вандроўкай з Масквы па разбітых ваенных дарогах, рады быў хутчэй апынуцца ва ўтульным і гасцінным доме замест таго, каб доўгі час чакаць пераправы на пароме ў Казань.

— Наш музей падтрымлівае сяброўскія стасункі з музеем Купалы ў Пячышчах, — кажа Галіна Варонава. — Калегі з Татарстана прыязджаюць да нас на канферэнцыі і ўрачыстасці, мы ж наведваем музейныя форумы ў Казані, рыхтуем для нашых калег выстаўкі.

Дарэчы, плануецца, што цягам наступнага года чатыры мемарыяльныя дошкі Купалу з’явяцца ў Славакіі. Яны будуць адлюстроўваць шлях песняра ў вандроўцы па гэтай краіне. Ужо ёсць папярэднія дамоўленасці з мэрамі гарадоў, хутка адкрыецца дабрачынны рахунак, дзе будуць збірацца сродкі на ўстаноўку памятных знакаў беларускаму класіку.

Марына ВЕСЯЛУХА

Фота Кастуся Дробава

 

напісанае застаецца







Кантакты
Адрас рэдакцыі: Юрыдычны адрас:
220013, Мінск,
вул. Б. Хмяльніцкага, 10-а
Е-mail: lim@zviazda.by

Адрас для карэспандэнцыі:
220013 Мінск, пр. Незалежнасці, 77
Е-mail: lim_new@mail.ru

Адрас у інтэрнэце: www.lim.by

Тэлефоны:
галоўны рэдактар — 292-20-51
намеснік галоўнага
рэдактара — 287-17-98
адказны сакратар — 292-20-51
аддзел крытыкі і бібліяграфіі — 292-56-53
аддзел прозы і паэзіі — 292-56-53
аддзел мастацтва — 292-20-51
аддзел «Кніжны свет» — 292-56-53
бухгалтэрыя — 287-18-14
Тэл./факс — 292-20-51
Выходзіць раз на тыдзень
па пятніцах.

Падпісныя індэксы:
63856 — індывідуальны;
63815 — індывідуальны льготны
для настаўнікаў;
638562 — ведамасны;
63880 — ведамасны льготны.
Пасведчанне аб дзяржаўнай
рэгістрацыі сродку масавай
інфармацыі № 7 ад 10.12.2012,
выдадзенае Міністэрствам
інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Выдавец:
Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом “Звязда”».
Дырэктар — галоўны рэдактар
Аляксандр Мікалаевіч КАРЛЮКЕВІЧ
Тэхнічны рэдактар,
камп’ютарная вёрстка:
А. В. Бізункова
Камп’ютарны набор:
Г. Я. Палякова
Стыльрэдактар:
Н. А. Святлова