Навіны














Адрасы беларускай літаратуры ў Маскве

Сувязі беларускай і рускай літаратур, несумненна, таму настолькі грунтоўныя, што прасочваюцца праз жыццё і творчасць яркіх мастацкіх талентаў. Напрыклад, у розныя гады ў Беларусі былі, збіралі ўражанні Аляксей Талстой, Аляксандр Блок, Валянцін Катаеў, Канстанцін Паўстоўскі, Міхаіл Зошчанка, Аляксандр Твардоўскі, Андрэй Вазнясенскі, Яўгеній Еўтушэнка…

І, зазірнуўшы ў Маскву, можна зазначыць, што са сталіцай Расіі звязаны дзясяткі, а то і сотні беларускіх паэтаў, празаікаў, крытыкаў… Мы называем толькі некаторыя адрасы беларускай літаратуры ў Маскве, спадзеючыся, што гэты артыкул справакуе ўвагу да тэмы літаратурна-краязнаўчага характару. А некага, магчыма, падштурхне да работы над адмысловым даведнікам на тэму «Адрасы беларускай літаратуры ў Маскве».

Вуліца АРБАТ, дом 51, кв. 33

У 1923 — 1927 гадах тут, на кватэры тэатральнага дзеяча і драматурга Алеся (Аляксандра Францавіча) ЛЯЖНЕВІЧА, месціўся Беларускі дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва (БДІТМ) і яго Беларуская драматычная студыя ў Маскве. Рэктарам яе быў гаспадар кватэры, інспектар Наркама нацыянальнасцей. У памяшканні бывалі Янка КУПАЛА, Якуб КОЛАС, займалася мастацтвамі паэтэса Канстанцыя БУЙЛО. 24 мая1924 г. у памяшканні студыі быў паказаны батлеечны спектакль «Цар Максіміліян».

АХОТНЫ РАД, Дом Саюзаў, Калонная зала

У1934 г. у гэтай зале адбыўся І з’езд Саюза пісьменнікаў СССР, у якім актыўны ўдзел узялі беларускія пісьменнікі. 16 кастрычніка1968 г. тут, на вечары, прысвечаным памяці таджыкскага класіка Садрыдзіна Айні (у сувязі з 90-годдзем з дня яго нараджэння), меў прамову празаік Іван МЕЛЕЖ. Ён жа 17 снежня таго ж года прысутнічаў у зале на вечары, прысвечаным 50-годдзю БССР і КПБ.

Вуліца ВАЛХОНКА, 8

У Першую сусветную вайну тут знаходзіўся Маскоўскі шпіталь Біржавага купецкага таварыства. У жніўні і верасні1915 г. у ім лячыўся празаік Максім ГАРЭЦКІ.

Вуліца ВАРОЎСКАГА, 52. Клуб Саюза пісьменнікаў СССР

Да вайны, у вайну і пасля яе ў будынку клуба праходзілі статутныя мерапрыемствы, вечары, прысвечаныя класікам беларускай літаратуры, аўтарскія сустрэчы. Пры Саюзе працавалі кансультанты па беларускай літаратуры. Апошняй з іх з’яўлялася перакладчыца Валянціна ШЧАДРЫНА.

Вуліца ВЯЛІКАЯ ГРУЗІНСКАЯ, дом 56, кв. 10

Сяміпавярховы дом з ліфтам, пабудаваны, мяркуючы па архітэктуры, у 1920-я гг. На пятым паверсе ў даваенны час жыў мастак К. Елісееў, у якога на пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 7 ліпеня1941 г., знайшоў прытулак Янка КУПАЛА. Яго тут наведаў, будучы салдатам, празаік Іван ГРАМОВІЧ. Мяркуючы па «Графіку дзяжурства па ахове дома ад запальных бомбаў», які цяпер дэманструецца ў Музеі Янкі Купалы ў Мінску, беларускі пясняр таксама прымаў удзел у супрацьпаветранай абароне. У1981 г. у кватэры яшчэ жыла нявестка К. Елісеева, якая памятала паэта і расказвала пра яго аднаму з аўтараў гэтага тэксту.

Вуліца МАКСІМА ГОРКАГА, дом 49. Гасцініца «Якар».

У час Вялікай Айчыннай вайны ў будынку гасцініцы месціліся рэдакцыі газет «Савецкая Беларусь» і «Раздавім фашысцкую гадзіну», жылі многія беларускія пісьменнікі. На трэцім паверсе знайшлі часовае пасяленне Кузьма ЧОРНЫ, Пятро ГЛЕБКА, Ілья ГУРСКІ, Павел КАВАЛЁЎ, герой аповесці Якуба КОЛАСА Дзед Талаш. Ва «Успамінах пра Ілью Гурскага» гаворыцца, што іх пакой зрабіўся «як бы беларускім клубам у ваеннай Маскве». П. Кавалёў, які жыў тут у «маленькім пакойчыку» з К. Чорным, згадваў, што зімой там было холадна, і таму апошні змайстраваў «самадзейны кіпяцільнік». П. Кавалёў тут сустракаўся і доўга гутарыў з Міхасём ЛЫНЬКОВЫМ. 22 чэрвеня1944 г. Якуб КОЛАС пісаў Лукашу Бэндэ, што П. Глебка «жыве ў “Якары” ў пакоі 45». А ў1943 г. у той жа гасцініцы прабываў Янка МАЎР

Завулак ГРАНАТНЫ, дом 24

У першыя гады савецкай улады тут знаходзіўся выдавецкі аддзел Белнацкама, які выдаў зборнік «Зажынкі» (1921). Сюды часта заходзіў празаік Цішка ГАРТНЫ.

Вуліца 25 КАСТРЫЧНІКА, дом 15. Маскоўскі дзяржаўны гісторыка-архіўны інстытут

Паводле слоў маскоўскага беларусіста, доктара філалагічных навук Юрыя ЛАБЫНЦАВА («Улица 25 Октября, 15». М., 1986), будынак інстытута, у якім вучыліся многія беларускія пісьменнікі, гісторыкі і архівісты (Генадзь КАХАНОЎСКІ, Генадзь КІСЯЛЁЎ і інш.), цесна звязаны з гісторыяй беларускай літаратуры. Раней тут знаходзілася Маскоўская сінадальная друкарня, у якой пабачылі свет кнігі паэта-асветніка СІМЯОНА ПОЛАЦКАГА. Пасля вучобы ў Кіеве і прабывання ў Полацку ён правёў апошніх 16 гадоў жыцця ў Маскве, дзе вучыў царскіх дзяцей, выступіў пачынальнікам новага паэтычнага стылю барока, заснавальнікам школьнага тэатра. Пахаваны наш суайчыннік у Заіконаспаскім манастыры. На магіле асветніка ўстаноўлены дзве каменныя стэлы, на якіх выпісана золатам эпітафія Сільвестра Мядзведзева з 48 радкоў. Адно з чатырохрадкоўяў гучыць так:

Зряй, человече, сей гроб, сердцем умилися,

О смерти учителя славна прослезися.

Учитель бо зде токмо един таков бывый,

Болослов правый, церкве догмата хранивый.

Да Маскоўскай сінадальнай друкарні на тым жа месцы знаходзіўся будынак Друкарскага двара, дзе ў1564 г. асветнікі Іван ФЁДАРАЎ і Пятро МСЦІСЛАВЕЦ выдалі першую ў Расіі друкаваную кнігу «Апостол». Прозвішча другога з іх яўна сведчыць пра яго беларускае паходжанне. Што ж датычыць І. Фёдарава, то беларускія, рускія і амерыканскія даследчыкі ўсё часцей сцвярджаюць, што яго герб сведчыць пра шляхецкае паходжанне (прытым указваюцца канкрэтныя мясціны нараджэння: аднымі аўтарамі — ў ваколіцах Баранавічаў, другімі — у былым Вілейскім павеце). Потым расійскія першадрукары з Масквы пераехалі, каб прадоўжыць сваю асветніцкую справу, на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага, у Супрасль.

Вуліца КРАСІНА (былая УЛАДЗІМІРА-ДАЛГАРУКАЎСКАЯ), дом 27, кв. 73

У гэтым трохпавярховым чырвоным, сёння нежылым, доме, які належаў купцу Калініну і адным канцом выходзіць на ЦІШЫНСКУЮ плошчу, у час Першай сусветнай вайны жыў і 23 верасня1915 г. быў па пашпарце прапісаны Янка КУПАЛА. Гаспадыняй кватэры з’яўлялася Марыя Станкевіч, старэйшая сястра Уладзіславы СТАНКЕВІЧ, з якой паэт 23 студзеня1916 г. узяў шлюб у Петрапаўлаўскім касцёле па вуліцы МАРХЛЕЎСКАГА, 27. Пражываючы на вуліцы Уладзіміра-Даўгарукаўскай, паэт запоўніў «Статыстычныя звесткі» для вучобы ва ўніверсітэце імя А. Шаняўскага на МІУСКАЙ плошчы, указаўшы тэлефон Станкевічаў 1-43-55.

Плошча КРАСНАЯ. Расійскі гістарычны музей

У багатым аддзеле рукапісаў музея захоўваецца многа тэкстаў, якія маюць прамое дачыненне да гісторыі беларускай літаратуры. Найперш гэта творы беларускай песенна-інтымнай лірыкі XVII ст., якія даследаваны і часткова апублікаваны ў кн.: Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. У фондах аддзела ёсць таксама матэрыялы пра жыццё і творчасць Сімяона ПОЛАЦКАГА, літаратурнае жыццё на беларускіх землях ў XVII — XIX стст. У музеі экспануюцца слуцкія паясы, успетыя Максімам БАГДАНОВІЧАМ, які не раз праязджаў праз Маскву і, напэўна ж, тут спыняўся, аглядаў музеі па шляху з Паволжа ў Беларусь і наадварот.

Праспект ЛЕНІНСКІ, 64. Дзяржаўны літаратурны музей Расіі

Побач з рукапісамі, якія маюць прамое дачыненне да гісторыі беларускай літаратуры, тут захоўваюцца фанаграмы з галасамі беларускіх пісьменнікаў. У1980 г. тут была арганізавана першая выстава «Літаратура, якая гучыць». Наведвальнікі маглі тады пачуць выступленне Якуба КОЛАСА з трыбуны з’езда пісьменнікаў у Маскве, Янкі Брыля — на вечары памяці літоўскага пісьменніка Пятраса Цвіркі, Петруся БРОЎКІ, які чытаў свае вершы. У музеі ёсць поўны запіс вечара, прысвечанага Якубу Коласу, у лістападзе1972 г. у Калоннай зале Дома Саюзаў, грампласцінка з араторыяй Д. Смольскага на вершы беларускіх паэтаў.

Праспект МАРКСА Карла, дом 7. Месца былой гасцініцы «Масква»

28 чэрвеня1942 г., узнімаючыся па тэлефонным выкліку з чацвёртага паверха месца жыхарства на дзясяты, дзе яго чакалі сябры, трагічна загінуў класік беларускай літаратуры Янка КУПАЛА. Існуе некалькі версій прычыны смерці. Сяргей Сокалаў з поваду гэтай трагедыі напісаў такія радкі:

Прыступкі. Лесвічны пралёт.

Знадворку цемра ў вокны цэліць.

Мо быў улетку галалёд

У тым гатэлі?

У «самыя цяжкія гады вайны» на дзявятым паверсе ў гасцініцы жылі ў адным вялікім пакоі Максім ТАНК, Павел КАВАЛЁЎ і тагачасны намеснік рэдактара газеты «Савецкая Беларусь» Ісак Шляфер, а на восьмым паверсе — Кузьма ЧОРНЫ, акно якога «глядзела на Ахотны рад». У1944 г. тут прымалі ў члены Саюза пісьменнікаў БССР паэтэсу Канстанцыю БУЙЛО, якая тады жыла ў Маскве (старшыня пасяджэння — Міхась ЛЫНЬКОЎ, сакратар — Пятрусь БРОЎКА). Паводле ўспамінаў, рускі пісьменнік Сяргей Сартакоў у гатэлі аднойчы абедаў з Петрусём БРОЎКАМ, Пятром ГЛЕБКАМ і Іванам МЕЛЕЖАМ.

Вуліца МАРХЛЕЎСКАГА, 27 (раней вуліца МАЛАЯ ГРУЗІНСКАЯ, 2?, МІЛЮЦІНСКІ завулак)

Тут, у Петрапаўлаўскім касцёле, 23 студзеня1916 г. Янка КУПАЛА ўзяў шлюб з Уладзіславай СТАНКЕВІЧ (цёткай Уладзяй). Дэканам і пробашчам касцёла ў той час быў Ігнат Чаеўскі, ксяндзамі — Эміль Паўкшта, Віктар Герасімовіч і Антон Квяткоўскі.

Плошча МІУСКАЯ, дом 6. Былыя Маскоўскі гарадскі народны ўніверсітэт імя А. Шаняўскага, у савецкі час — Акадэмія грамадскіх навук ЦК КПСС

Універсітэт быў арганізаваны на сродкі А. Л. Шаняўскага і ставіў сваёй задачай пашырэнне вышэйшай адукацыі ў Расіі. Яго студэнтамі з’яўляліся С. Ясенін, А. Серафімовіч, І. Белавусаў і іншыя рускія пісьменнікі. Лекцыі чыталіся ў размешчаным па суседстве Прамысловым вучылішчы з 8 да 10 гадзін вечара. Плата ў год складала ўсяго шэсць рублёў. У верасні1915 г. іх унёс Янка КУПАЛА, які паступіў тады на першы курс лекцый гісторыка-філасофскага цыкла. У канцы студзеня 1916 года паэт спыніў вучобу ў сувязі з прызывам у армію і пераездам у Мінск.

Вуліца Мохавая (?), дом 1. Стары будынак Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Міхайлы Ламаносава

25 лістапада1923 г. студэнты-беларусы ўніверсітэта паставілі тут спектакль паводле вадэвіля Леапольда РОДЗЕВІЧА «Збянтэжаны Саўка». А 5 снежня1926 г. у актавай зале 1 Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылося ўрачыстае пасяджэнне з нагоды 20-годдзя літаратурнай творчасці Якуба КОЛАСА. Юбіляр выступіў з чытаннем сваіх твораў.

Вуліца НОВАСЛАБАДСКАЯ, дом 45. Бутырская турма

Тут, у Цэнтральнай перасыльной турме, празаік і драматург ЯДВІГІН Ш. у1891 г. адбываў зняволенне за ўдзел у хваляваннях студэнтаў Маскоўскага ўніверсітэта.

Вуліца ПОВАРСКАЯ, дом 52

У1918 г. у гэтым будынку знаходзіліся Белнацкам і рэдакцыя газеты «Дзянніца», рэдактарам-выдаўцом якой з’яўляўся Зміцер Жыдуновіч (празаік Цішка ГАРТНЫ). Да яго прыходзілі пісьменнікі Канстанцыя БУЙЛО, Максім ГАРЭЦКІ, Язэп ДЫЛА і іншыя. У канцы года Белнацкам перасяліўся ў ГРАНАТНЫ завулак.

Прыгарад ХІМКІ

Тут, на поўнач ад Масквы, знаходзіцца газетны філіял Дзяржаўнай бібліятэкі Расіі (ранейшая бібліятэка імя У. І. Леніна), дзе засяроджана перыёдыка 1920 — 1930-х гг. У Хімках жыў пасля вяртання з ссылкі паэт Міхайла ГРАМЫКА, якога тут наведвалі Данута БІЧЭЛЬ, Янка БРЫЛЬ, Ніл ГІЛЕВІЧ і інш. Пахаваны М. Грамыка на Хімкінскіх могілках.

Вуліца ЦІХВІНСКАЯ, дом 16, кв 1

У час Першай сусветнай вайны тут жыла ў бежанстве сям’я Яўгена Скурко (будучага паэта Максіма ТАНКА). Хлопчык хадзіў у школу, якая знаходзілася на супрацьлеглым баку вуліцы. У Маскве ён распачаў знаёмства з рускай класікай.

Завулак ЦІХВІНСКІ, дом 11, кв. 20

У доме знаходзілася трохпакаёвая кватэра паэтэсы Канстанцыі БУЙЛО. Па яе ўспамінах, тут «часта бываў сардэчны, ціхі ў размове, у якой заўсёды быў глыбокі сэнс, Янка КУПАЛА. Тут з ім і без яго часта гасціла разумная, быстрая на словы і рухі, сардэчная, любімая мной Уладка. Пасля смерці Купалы яна жыла ў мяне».

Плошча ЦІШЫНСКАЯ, дом 27

Як піша Алег Лойка ў сваёй кнізе «Як агонь, як вада», 23 верасня 1915 года Янка КУПАЛА быў тут «яўлены і запісаны» Прэсненскай часткай 2-га ўчастка паліцыі ў доме Калініна пад нумарам 27. Адрасам прабывання ён назваў дом 27, кв. 73 па вуліцы УЛАДЗІМІРА-ДАЛГАРУКАЎСКАЙ, дзе жыла Марыя Станкевіч, старэйшая сястра яго будучай жонкі Уладзіславы.

Вуліца ЦЮРУПЫ ў Новых Чаромушках

Як засведчыў у сваёй кнізе «Так і было» (Мн., 1986) паэт Сяргей ГРАХОЎСКІ, на гэтай вуліцы ён наведваў (нумар дома і кватэры не ўстаноўлены) рэабілітаванага паэта Уладзіміра ДУБОЎКУ. Тут бывалі і іншыя пісьменнікі з Мінска.

напісанае застаецца







Кантакты
Адрас рэдакцыі: Юрыдычны адрас:
220013, Мінск,
вул. Б. Хмяльніцкага, 10-а
Е-mail: lim@zviazda.by

Адрас для карэспандэнцыі:
220013 Мінск, пр. Незалежнасці, 77
Е-mail: lim_new@mail.ru

Адрас у інтэрнэце: www.lim.by

Тэлефоны:
галоўны рэдактар — 292-20-51
намеснік галоўнага
рэдактара — 287-17-98
адказны сакратар — 292-20-51
аддзел крытыкі і бібліяграфіі — 292-56-53
аддзел прозы і паэзіі — 292-56-53
аддзел мастацтва — 292-20-51
аддзел «Кніжны свет» — 292-56-53
бухгалтэрыя — 287-18-14
Тэл./факс — 292-20-51
Выходзіць раз на тыдзень
па пятніцах.

Падпісныя індэксы:
63856 — індывідуальны;
63815 — індывідуальны льготны
для настаўнікаў;
638562 — ведамасны;
63880 — ведамасны льготны.
Пасведчанне аб дзяржаўнай
рэгістрацыі сродку масавай
інфармацыі № 7 ад 10.12.2012,
выдадзенае Міністэрствам
інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Выдавец:
Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом “Звязда”».
Дырэктар — галоўны рэдактар
Аляксандр Мікалаевіч КАРЛЮКЕВІЧ
Тэхнічны рэдактар,
камп’ютарная вёрстка:
А. В. Бізункова
Камп’ютарны набор:
Г. Я. Палякова
Стыльрэдактар:
Н. А. Святлова