Навіны














Талент, спачылы ў гета

Гісторыя Сары Каган

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску жыла пісьменніца, якой належаць радкі:
«Радзіма! Квет нязнаных цудаў!
Дачка твая, заўжды і ўсюды
Зямлю тваю я славіць буду
І сонца яснае тваё.
Табе, што вочы мне адкрыла,
Сваімі сокамі ўспаіла
І, як дзіця, мяне ўзрасціла,
Належыць ўсё жыццё маё!»

Ва ўзросце 46 гадоў у ліпені 1941 года Сара Каган загінула ў засценках Мінскага гета.

Рашэнне аб стварэнні Мінскага гета было прынятае ў самым пачатку вайны. У данясенні шэфа паліцыі бяспекі 24 ліпеня 1941 года ў Берлін гаворыцца: «У Мінску ліквідаваныя ўсе пласты яўрэйскай інтэлігенцыі: настаўнікі, прафесары, адвакаты і гэтак далей, выключаючы медыцынскіх работнікаў. Для пачатку ліквідавана 1050 яўрэяў. Астатнія штодня дастаўляюцца на экзэкуцыю». Ёсць падставы выказаць здагадку, што пісьменніца трапіла ў гэтую тысячу пяцьдзясят.

Сара Каган нарадзілася ў вёсцы Максімавічы ў сям’і служачага Рувіма Левіна, як пазначана ў даведніку «Беларускія пісьменнікі (1917 — 1990 гады)». Яна была шостым з дзевяці дзяцей. Акрамя Левіных у вёсцы жылі яшчэ тры яўрэйскія сям’і: Пейлата-каваля, Залмана-краўца, Элі-Меіра-шаўца.

Пляменнік Сары Ісаак Плоткін успамінае: «У беднай вёсцы Максімавічы пражывала чалавек 200 — 300. Не было тут ні школы, ні лекара, ні нават “хвершала”».

Жыццё маленькай Сары нічым не адрознівалася ад ладу жыцця вясковых дзяцей, якіх з ранняга ўзросту далучалі да працы. Яна дапамагала бацькам выконваць хатнія справы, пасвіла гусей, ганяла скаціну ў поле, даглядала агарод, наймалася ў нянькі. Як піша яе пляменнік, «Сара ў школе ніколі не вучылася. Яна толькі прайшла абавязковыя для ўсіх яўрэйскіх дзяцей заняткі па навучанні самым элементарным асновам яўрэйскай граматы, малітвам, асновам закона Божага. Чытаць і пісаць па-руску навучылася самастойна, калі была дарослай».

Дом, у якім жыла сям’я Рувіма Левіна, дастаўся ім у спадчыну ад продкаў. Але жывучы ў вёсцы, сям’я не мела права валодаць зямлёй і нават арандаваць яе: яны маглі толькі дапамагаць сялянам у апрацоўцы зямлі і за гэта атрымліваць частку ўраджаю. Сталыпінская рэформа 1906 — 1909 гадоў зусім перавярнула жыццё сельскіх яўрэяў: ім прадпісвалася перасяляцца ў мястэчкі і гарады. Так сям’я Сары вымушаная была пакінуць наседжанае месца і з’ехаць, куды вочы глядзяць. Першым прытулкам стала тупіковая станцыя Градзянка (цяпер Асіповіцкі раён).
Тут прайшло юнацтва Сары. Бацька яе, хутчэй за ўсе, працаваў у лясной гаспадарцы. У тыя гады ўсходняя Беларусь уяўляла сабой суцэльны леспрамгас. Лес пілавалі, валілі, сплаўлялі па рэках. У кожным больш-менш буйным паселішчы былі дрэваапрацоўчыя камбінаты, а ў кожным мястэчку – лесапільны завод.

Ісаак Плоткін успамінае: «Пасталелыя дзеці раз’язджаліся хто куды. Сару лёс прывёў у Парычы, дзе яна выйшла замуж за Сымона Кагана, які служыў там на лесасплаве. Трох сыноў Рульфа, Лёву і Міхаіла яна нарадзіла ў 1919, 1921 і 1924 гадах».

У пошуках лепшай долі і выратавання ад галечы і голаду сям’я Сары ў 1921 годзе пераязджае ў Бабруйск. Яе муж Сымон Каган уладкаваўся на склад трэсту «Лесбел», а Сара — у дзіцячы сад на дрэваапрацоўчым камбінаце. Дакладна невядома, кім яна працавала, але ёсць падставы меркаваць — выхавальнікам. Як успамінае яе брат, «сваю працу Сара вельмі палюбіла. Праявіла шмат выдумкі. Яна складала для дзяцей вершы, песенькі, інсцэніроўкі…». Пэўна, якраз у гэтыя гады пачаў выяўляцца прыроджаны талент пісьменніцы. Яна актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці камбіната, дапамагае выпускаць сценгазету, дзе публікуе свае куплеты і нататкі. Кіраўніцтва прадпрыемства заўважыла талент маладой актывісткі і накіравала на курсы павышэння пісьменнасці. Але да прызнання яе літаратурнага таленту было яшчэ далёка. Можна толькі сказаць, што вытокі яе літаратурнага даравання — з сям’і.

«Неабходна адзначыць такую асаблівасць сям’і бацькоў Сары. Жывучы ў глухой вёсцы Максімавічы і толькі зрэдку сустракаючыся са сваімі сваякамі і знаёмымі, раскіданымі па розных вёсках і мястэчках, яны падтрымлівалі зносіны з імі шляхам рэгулярнай перапіскі, — згадвае І. Плоткін. — На мове ідыш яны дзяліліся адзін з адным не толькі навінамі аб нараджэннях, шлюбах, смерці, але і сваімі разважаннямі аб жыцці, аб падзеях вялікіх і малых, аб прыродных з’явах. Лісты гэтыя часам былі прасякнуты сапраўднай паэзіяй і напісаныя часцяком у рыфму. Было нават нешта накшталт неафіцыйнага спаборніцтва ў тым, хто напіша больш цікавы і дасціпны ліст. Тон у гэтым задавала маці Сары Басшэва Левіна, нягледзячы на сваю малапісьменнасць, нават у яўрэйскай мове. А старэйшая сястра Сары Двейра Плоткіна праявіла ў гэтай пісьмовай творчасці асаблівы талент. Яна пісала не толькі рыфмаваныя лісты, але і вершы, нарысы, замалёўкі». Схільнасць да літаратурнай дзейнасці выяўлялі і іншыя браты і сёстры Сары.

Пасля курсаў павышэння пісьменнасці Сара Каган перайшла на працу ў бібліятэку, якую з часам узначаліла. Тут яна не толькі папаўняла веды мастацкай літаратуры, але і стала актыўным удзельнікам літаратурнага гуртка.

У 1928 годзе часопіс «Полымя рэвалюцыі» апублікаваў першы верш Сары Каган «Радзіма», перакладзены на беларускую мову Алесем Жаўруком:

…Люблю я шумны бор і гаці,
Палі, узгоркі, сенажаці —
Тут нарадзіла мяне маці,
Тут з песняй гушкала заўжды.
Тут дзецьмі мы грыбы збіралі,
Адсюль нас вечна праганялі,
Тут на пяску мае у далі
Пралеглі першыя сляды…

У дзесяці сторфах 34-гадовая паэтка наноў пражывае сваё цяжкое дзяцінства, з аптымізмам і надзеяй глядзіць у заўтрашні дзень:

…Радзіма! Знік той час бяздольны!
Як добра мне ў палях раздольных
Тваім паветрам дыхаць вольным
І слухаць шэлест спелых ніў.
Хачу гарэзіць зноў, смяяцца,
Вясёлай песняй залівацца.
Не томіць рук сягоння праца —
У целе новых сіл прыліў…

Творчае натхненне не пакідае пісьменніцу. Яе вершы ахвотна друкуюць газеты і літаратурна-мастацкі часопіс «Штэрн». Як удзельніца літаратурнага гуртка яна добра знаёмая з беларускімі літаратарамі — Міхасём Лыньковым, галоўным рэдактарам раённай газеты «Камуніст», Васілём Віткам, які пасля заканчэння Слуцкай прафтэхшколы працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце — там жа, дзе працаваў муж Сары і нейкі час яна сама. Малады настаўнік Пімен Панчанка і Сяргей Грахоўскі таксама пачыналі працаваць на тым жа Доку. У такім асяроддзі талент паэтэсы не мог не раскрыцца напоўніцу.

У 1934 годзе выходзіць з друку першы зборнік вершаў Сары Каган на ідыш «Ян вэг» («На шляху»). Падчас літаратурнага вечара, дзе прысутнічалі многія вядомыя пісьменнікі, Сара прачытала новую паэму «Тры Лявоніхі». Твор спадабаўся публіцы, атрымаў высокую ацэнку калег і літаратурных крытыкаў, быў апублікаваны ў часопісе «Штэрн», а ў 1938 годзе ўвайшоў у зборнік вершаў.

Неўзабаве пасля гэтага Сару Каган прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР і прапанавалі пераехаць у Мінск, дзе яе падтрымалі Змітрок Бядуля, Міхась Лынькоў, Ізі Харык. Яны бачылі ў ёй моцнага і самабытнага літаратара, наракалі вялікую будучыню. Хто мог ведаць, што планам не наканавана ажыццявіцца.

З 1935 года сям’я Сары жыве ў Мінску. Пісьменніца працуе ў бібліятэчным калектары, паступае на філалагічны факультэт педагагічнага інстытута, шмат піша. Гэтыя гады вельмі плённыя ў творчым плане. Адзін за другім у 1938 годзе выходзяць зборнікі вершаў «Майн геймланд» («Мая Радзіма») і прозы «Ды эрштэ прэміе» («Першая прэмія»), а ў 1940-м — зборнік вершаў «Унзэрэ мэнтшун» («Нашы людзі»), празаічная кніга «Апавяданні» на беларускай мове ў перакладзе Змітрака Бядулі. Многія СМІ, у тым ліку часопісы «Полымя рэвалюцыі», «Работніца і сялянка», публікуюць творы Сары Каган. У 1941 годзе асобным выданнем выходзіць аповесць «Дэр Фідлер» («Скрыпач»).

Літаратурныя крытыкі Г. Разіна і А. Срэбны адзначаюць, што мова літаратурных твораў Сары Каган вельмі багатая і разам з тым простая, даступная, лёгка ўспрымаецца. Пра гэта ж піша ў сваіх успамінах Ісаак Плоткін. Ён адзначае, што Сара атрымлівала шмат лістоў ад прыхільнікаў яе таленту, артысты ўключалі творы пісьменніцы ў свой рэпертуар. У прыватнасці, Клара Юнг чытала са сцэны ўрыўкі з паэмы «Тры Лявоніхі». Вядомая ў свеце артыстка аперэты Хал-Рыся Маркаўна Шынколіцэр у межах Дзяржаўнага аб’яднання эстрады і цырка ў 1925 годзе стварыла групу аперэты, якая мела поспех у краінах Еўропы і Амерыкі, і ў рэпертуары артыстаў таксама былі творы Сары. Можна толькі выказаць здагадку, якога поспеху дасягнула б таленавітая Сара, калі б не вайна…

Апошнія месяцы і дні жыцця Сары Каган і яе сям’і былі жудасныя. Як толькі нямецкія войскі занялі Мінск, пачаўся тэрор. Насельніцтва горада не было праінфармаванае пра сітуацыю на фронце. Улады тэрмінова эвакуіраваліся, пакінуўшы жыхароў горада і тысячы бежанцаў на волю лёсу і, як аказалася, на расправу фашыстам.
«Калі пачалася вайна, з Сарай жыў яе малодшы 17-гадовы сын Міша. Старэйшы Вульф-Валодзя быў студэнтам 5 курса Ленінградскага горнага інстытута, сярэдні сын Лёва памёр яшчэ ў 1937 годзе ад запалення лёгкіх, муж быў у камандзіроўцы. З самай раніцы Сара і Міша пайшлі ў горад па справах, дзе і напаткала іх страшная вестка пра вайну. Увесь дзень яны бегалі па горадзе ў пошуках адзін аднаго. Калі знайшліся і вырашылі пакінуць Мінск, то было ўжо позна: усе шляхі былі перакрытыя нямецкімі аўтаматчыкамі і кулямётчыкамі на матацыклах…» (І. Плоткін).
Сотні тысяч беларускіх грамадзян розных нацыянальнасцей бясследна зніклі ў полымі саракавых. Сярод іх — Сара Каган. Яе старэйшы сын Валодзя пайшоў добраахвотнікам у Ленінградскае апалчэнне. Восенню 1941 года, калі Ленінград знаходзіўся ў блакадным кальцы, юнака вярнулі ў інстытут для здачы экзаменаў і атрымання дыплома. У тую страшную зіму ён памёр ад голаду.

Абставіны смерці мужа невядомыя. Можна толькі выказаць здагадку, што ён уступіў у партызанскі атрад. Справядліва адзначыць, што яўрэйскі народ з першага дня вайны пачаў весці барацьбу супраць акупантаў. У Вільні, Каўнасе, Мінску ствараліся групы, якія вялі падпольную барацьбу. Супраціўленне дасягнула апагею падчас паўстання ў Варшаўскім гета. Нехта падлічыў, што ў працэнтных адносінах да колькасці кожнай нацыянальнасці, якая брала ўдзел у баях Вялікай Айчыннай вайны, воінам-яўрэям належыць трэцяе месца пасля рускіх і асяцінаў. На жаль, яўрэйскае супраціўленне мала вывучана, а многія дакументы, якія датычацца партызанскіх атрадаў, па-ранейшаму засакрэчаныя.
Трагічна абарвалася жыццё старэйшага брата Сары Якава Левіна. Разам з жонкай Эстэр і трыма дзецьмі ён загінуў у мінскім гета. Іншыя браты Сары, кандыдат юрыдычных навук Б. Левін і кандыдат эканамічных навук Л. Левін, жылі ў Маскве. У 1975 годзе яны звярнуліся да Івана Шамякіна ў Праўленне саюза пісьменнікаў БССР і прасілі дапамогі ў вяртанні з нябыту імя сястры. Дзякуючы іх намаганням і ўдзелу Шамякіна імя Сары Каган унесенае ў энцыклапедыю і даведнікі беларускіх пісьменнікаў. Але біяграфія мае яшчэ шмат белых плям.

На жаль, не толькі ад дружнай і вялікай сям’і Сары Каган нікога не засталося — адышлі ў нябыт і многія яе творы. Тое ж, што захоўвацца ў галоўнай бібліятэцы Беларусі — газетныя і часопісныя публікацыі ды адзінкавыя экзэмпляры кніг, нататкі літаратурных крытыкаў, — дае магчымасць пазнаеміцца з яе творчасцю, зразумець пісьменніцу.

Імёны і біяграфічныя звесткі мільёнаў знішчаных яўрэяў захоўваюць тыя, хто выжыў, і члены іх сем’яў. Лісты паказанняў сведак сабраныя ў Зале Імёнаў і часта з’яўляюцца адзіным помнікам ахвярам. Там, сярод іх, — ліст Сары Каган.

Сяргей ШЧАПКО,
Аліна СУДНІК

напісанае застаецца







Кантакты
Адрас рэдакцыі: Юрыдычны адрас:
220013, Мінск,
вул. Б. Хмяльніцкага, 10-а
Е-mail: lim@zviazda.by

Адрас для карэспандэнцыі:
220013 Мінск, пр. Незалежнасці, 77
Е-mail: lim_new@mail.ru

Адрас у інтэрнэце: www.lim.by

Тэлефоны:
галоўны рэдактар — 292-20-51
намеснік галоўнага
рэдактара — 287-17-98
адказны сакратар — 292-20-51
аддзел крытыкі і бібліяграфіі — 292-56-53
аддзел прозы і паэзіі — 292-56-53
аддзел мастацтва — 292-20-51
аддзел «Кніжны свет» — 292-56-53
бухгалтэрыя — 287-18-14
Тэл./факс — 292-20-51
Выходзіць раз на тыдзень
па пятніцах.

Падпісныя індэксы:
63856 — індывідуальны;
63815 — індывідуальны льготны
для настаўнікаў;
638562 — ведамасны;
63880 — ведамасны льготны.
Пасведчанне аб дзяржаўнай
рэгістрацыі сродку масавай
інфармацыі № 7 ад 10.12.2012,
выдадзенае Міністэрствам
інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Выдавец:
Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом “Звязда”».
Дырэктар — галоўны рэдактар
Аляксандр Мікалаевіч КАРЛЮКЕВІЧ
Тэхнічны рэдактар,
камп’ютарная вёрстка:
А. В. Бізункова
Камп’ютарны набор:
Г. Я. Палякова
Стыльрэдактар:
Н. А. Святлова