Навіны














Міхась Башлакоў: «Пісьменніка па-за часам і па-за прасторай не бывае»

У творчасці, у жыцці, у адносінах да сябе і да іншых Міхась Башлакоў непрымірымы да несправядлівасці, абыякавасці, бездухоўнасці. Ён перакананы: паэт не мае права быць несумленным і раўнадушным. У сваю шэсцьдзясят пятую вясну, на якую прыпала і 30-годдзе Чарнобыльскай трагедыі, паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС адказаў на пытанні карэспандэнта «ЛіМа».

— Паэт-пейзажыст, паэт-грамадзянін, паэт-філосаф… Да каго вы сябе адносіце?

— Паэзія — такая катэгорыя, у якой быць толькі паэтам-пейзажыстам, паэтам-лірыкам ці паэтам-філосафам вельмі складана. Нават самы вытанчаны, акварэльна-пейзажны верш вымагае выкарыстання, няхай і недзе падспудна, у глыбіні радкоў і строф, такіх выяўленчых сродкаў, такіх эмоцый і акцэнтаў, што ў нейкай ступені дае філасофскае і грамадзянскае гучанне.

Што датычыць асабіста мяне, то імкнуся нават праз лірызм і меладычнасць радка давесці паэтычнае слова да грамадзянскага гучання. Галоўнае, каб душа чытача ўскалыхнулася. Прымусіць яго стаць тваім аднадумцам сёння даволі складана. Бо не сакрэт, што наша літаратура за апошнія два дзясяткі гадоў у многім страціла свайго чытача — таго ранейшага, удумлівага, адукаванага і нераўнадушнага. Дарэчы, як і пісьменніка… Усё часцей, на жаль, мы сустракаемся на старонках літаратурных выданняў і кніг з банальнасцю, пошласцю, бязлікасцю, шэрасцю і нават амаральнасцю…

У мяне розныя творы: ад эпічных палотнаў — такіх, як «Лілея на цёмнай вадзе» ці араторыя «Шлях», дзе болю, трывогі, горычы, грамадзянскасці і патрыятызму хоць адбаўляй, — да вытанчана-лірычных вершаў. Тэматычна адно другому не шкодзіць, а, наадварот, толькі дапаўняе і пашырае дыяпазон…

— Час, паэт, слова… Як, на вашу думку, узаемазвязаны гэтыя паняцці?

— Пісьменніка па-за часам і па-за прасторай не бывае. Адасобіцца ад жыцця грамадства проста немагчыма. І таму кожны паэт — гэта голас ці рупар свайго часу. Нават калі паэт самы вытанчаны, «завоблачны» лірык. Іншая справа, як гэты паэт адгукаецца, рэагуе на пэўныя з’явы і праблемы. Сумленна, а значыць шчыра і праўдзіва, ці ўгодліва, а значыць няшчыра і несумленна… Быць паэтам — вялікая адказнасць перад часам, літаратурай, нашчадкамі…

Што такое паэзія? Гэта музыка душы. І, перш за ўсё, натхнёнае, узнёслае, шчырае і сумленнае слова. Без слова, а слова — гэта мова, няма паэта, няма паэзіі, няма нічога. Мова — гэта ўсё. Таму кожная свядомая нацыя клапоціцца пра сваю родную мову.

Дваццаць першае стагоддзе — час самых цесных, шырокіх кантактаў і культурных зносін паміж краінамі, народамі і людзьмі. І кожны адукаваны чалавек сёння, лічу, проста абавязаны ведаць адну ці некалькі замежных моў. Але калі ён не ведае ці цураецца роднай мовы, то не толькі не можа лічыцца адукаваным і культурным чалавекам, а становіцца ў такім выпадку падобным да дрэва з пашкоджанымі ці падсечанымі каранямі, якое ў хуткім часе без жыватворнай глебы засыхае і гіне.

Без мовы няма нацыі, няма народа, няма нацыянальнай дзяржавы. Тэма роднай мовы, яе багацця, чысціні, сферы ўжывання, беражлівага ці раўнадушнага стаўлення да яе вельмі тонкая і балючая для любога народа, нават самага вялікага, бо мова ёсць душа народа. І ад таго, як мы ставімся да роднай мовы, з любоўю і клопатам ці, наадварот, бяздушна, пагардліва і абыякава, залежыць будучыня.

А што мы можам сказаць пра наша стаўленне да роднай мовы? І які яе стан у грамадстве?.. Кожны сапраўдны паэт, сумленны паэт не можа і не мае права абыходзіць маўчаннем у творчасці гэтае вельмі балючае для нас, беларусаў, вельмі важнае і лёсавызначальнае пытанне. Калі ты маўчыш ці робіш выгляд, што гэта неістотна, што табе гэта ўсё роўна, — у такім выпадку ты не маеш маральнага права называцца паэтам, ты не адпавядаеш гэтаму высокаму званню. Ты проста маўчальнік і палахлівец, што, між іншым, мяжуе са здрадай.

Наша грамадства стаіць на мяжы. Небяспечнай. І калі мы не асэнсуем гэтага, нічога не зменім да лепшага, а будзем пагаршаць гэты працэс, то проста перастанем існаваць як нацыя у гэтым вялізным, глабальным свеце …

— Мне запомнілася ваша кніга лірыкі «Віно адзінокіх». Што папярэднічала яе напісанню? Ці ёсць перадгісторыя ў назвы?

— Кніга лірыкі «Віно адзінокіх» выйшла пяць гадоў таму ў тагачасным выдавецтве «Літаратура і Мастацтва». Лічу, што гэта зборнік маіх лепшых лірычных вершаў. Пішу вершы з юнацтва. Жыву паэзіяй. Не, не ў матэрыяльным плане. На жаль… Пішучы вершы і нават выдаючы кнігі штогод, на ганарары не пражывеш… Што значаць у наш час нейкія пяць ці шэсць мільёнаў? За кнігу вершаў, за кнігу, якую ты пісаў усё жыццё?.. Творчая праца — гэта праца розуму і душы, праца вельмі напружаная, адказная, да зносу душы. Такая праца павінна і аплачвацца адпаведна…

А ў нас грамадства ўжо прызвычаілася, што пісьменнік павінен усё рабіць бясплатна… Пісаць кнігі і выдаваць іх ледзьве не за свой кошт… Выступаць усюды, дзе толькі можна і няможна…

Што да кнігі «Віно адзінокіх»… У мяне ёсць аднайменны верш, напісаны ў 2008 годзе на маёй малой радзіме — у ваколіцах роднай станцыі Церуха. Гэты верш — пра паэзію, якую разумеюць, адчуваюць і цэняць на самай справе адзінкі. Падкрэсліваю: адзінкі… Разумець, тонка цаніць паэтычнае слова дадзена не кожнаму. Гэта таксама талент. Патрэбны веды і прыроднае адчуванне. А ў каго яны ёсць? У многіх? На жаль, не. Вельмі нямногія чытачы маюць тонкі паэтычны густ. Як і тыя, хто піша вершы, дарэчы… У нашай літаратуры вельмі шмат вершатворцаў, літаратараў, імітатараў і так мала паэтаў. Сапраўдных паэтаў. З моцнай энергетыкай, са шчырым, пранікнёным пачуццём, інтанацыйна адметных, са сваім почыркам. Не трэба блытаць паэзію з падробкай!

— На пачатку гэтага года вы пазнаёмілі чытачоў «ЛіМа» з урыўкамі з вашага новага твора — араторыі «Шлях». Араторыя, увогуле, тэрмін музычны. Чаму жанр свайго твора вы вызначылі менавіта так?

— Працу над араторыяй «Шлях» завяршыў летась. Твор немалы па аб’ёме — 2300 радкоў. Гэта лірыка-эпічная рэч патрыятычна-грамадзянскага напаўнення і гучання. Там многа вельмі лірычнага, многа вострага і балючага. Многа радкоў, якія напісаны, па выказванні Віктара Карамазава, «на хвалі, рызыкоўнай для сэрца». Пра твор пачуў нямала добрых слоў…

Нядаўна я завяршыў фарміраванне новай кнігі паэзіі «Тры лікі любові», якую складуць мае лепшыя творы: чатыры паэмы, араторыя «Шлях» і вершы. Араторыя — тэрмін сапраўды музычны… І ў маім творы, у адрозненне ад паэмы, напісанай звычайна ў традыцыйным ключы, дзе ад пачатку і да канца адзін рытм і адна танальнасць, пастаянна мяняецца і рытм, і танальнасць. Радкі араторыі гучаць то вельмі сцішана, да шэпту, то ўзвышаюцца да набатнасці…

— Споўнілася трыццаць гадоў, як здарылася аварыя на ЧАЭС. Якое адлюстраванне знайшла гэтая трагедыя ў вашай творчасці?

— Аварыя на ЧАЭС здарылася якраз напярэдадні майго 35-годдзя. Яшчэ і таму катастрофа не магла не адгукнуцца і ў маёй творчасці, тым больш што я бачыў паследкі гэтай аварыі знутры — вельмі многа ездзіў па чарнобыльскай зоне. Сустракаўся з людзьмі, выступаў. Толькі ў найбольш пацярпелых раёнах у мяне было звыш дзвюх тысяч літаратурных выступленняў і сустрэч. Многіх тых вёсак, дзе я некалі выступаў, ужо няма. Яны пахаваны… Чарнобыльскую паэму «Лілея на цёмнай вадзе» пісаў і ў тых шматлікіх паездках па зоне, і ў Гомелі, дзе жыў на той час. Яна мела больш як сем варыянтаў і рэдакцый.

Чарнобыльская тэма мяне доўга не адпускала. І нават пасля таго, як паэма выйшла ў 1994 годзе асобным выданнем… Апошнюю кропку ў творы я паставіў толькі ў 2000-м, а ў 2001 годзе поўны і канчатковы яго варыянт быў надрукаваны ў маёй кнізе «Пяро зязюлі падніму». Дарэчы, гэта, лічу, адна з самых лепшых і знакавых для мяне кніг.

— Якія жыццёвыя і літаратурныя тэмы хвалююць вас сёння? Чаго, на ваш погляд, бракуе сучаснаму літаратурнаму працэсу і, у прыватнасці, айчыннай паэзіі?

— Спынюся на некаторых аспектах, вельмі важных, як мне здаецца, не толькі для літаратуры, але і для грамадства. Дзесяць гадоў таму быў створаны Саюз пісьменнікаў Беларусі. Такім чынам, у нашай краіне сталі існаваць дзве пісьменніцкія арганізацыі. А беларуская літаратура ў нас адна. І яна непадзельная. Як непадзельная наша родная Беларусь. Беларуская літаратура належыць народу, нашай любай Бацькаўшчыне…

Не раз падымаў пытанне, што ў нас у Беларусі няма вялікага нацыянальнага рэспубліканскага свята паэзіі, як, скажам, у расіян ці ўкраінцаў. Нехта запярэчыць мне: а хіба не праводзіцца ў Маладзечне Нацыянальны фестываль песні і паэзіі? Так, праводзіцца. Але гэта перш за ўсё фестываль песні. Для спевакоў і маладых выканаўцаў. А добрай, душэўнай песні няма і не можа быць без верша, шчырага, інтанацыйнага…

Амаль тое ж самае адбываецца і са святам паэзіі Янкі Купалы ў Вязынцы, якое праводзіцца намаганнямі Маладзечанскага райвыканкама і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Дзякуй ім, яны робяць гэта, увогуле, добра. Але ж Купала для беларусаў — як Пушкін для рускіх, Міцкевіч для палякаў ці Шаўчэнка для ўкраінцаў. Гэта нацыянальны гонар нашай краіны. А статус рэспубліканскага гэтае свята набывае толькі тады, калі адзначаюцца юбілеі паэта.

Што яшчэ мяне як паэта хвалюе сёння, дык гэта выданне кніг. Пытанняў саспела шмат. І іх патрэбна вырашаць неадкладна — на карысць літаратуры…

— Міхась Захаравіч, без чаго, на ваш погляд, не можа адбыцца паэт?

— Вядома, без сумлення. А на другім месцы — талент і творчыя здольнасці. Без таленту паэта не бывае ўвогуле. Калі ты паэт, то не маеш права мяняць свае погляды, перакананні, прынцыпы, як той флюгер, у залежнасці ад ветру і змены надвор’я… Інакш ты не Паэт.

Яна ЯВІЧ

напісанае застаецца







Кантакты
Адрас рэдакцыі: Юрыдычны адрас:
220013, Мінск,
вул. Б. Хмяльніцкага, 10-а
Е-mail: lim@zviazda.by

Адрас для карэспандэнцыі:
220013 Мінск, пр. Незалежнасці, 77
Е-mail: lim_new@mail.ru

Адрас у інтэрнэце: www.lim.by

Тэлефоны:
галоўны рэдактар — 292-20-51
намеснік галоўнага
рэдактара — 287-17-98
адказны сакратар — 292-20-51
аддзел крытыкі і бібліяграфіі — 292-56-53
аддзел прозы і паэзіі — 292-56-53
аддзел мастацтва — 292-20-51
аддзел «Кніжны свет» — 292-56-53
бухгалтэрыя — 287-18-14
Тэл./факс — 292-20-51
Выходзіць раз на тыдзень
па пятніцах.

Падпісныя індэксы:
63856 — індывідуальны;
63815 — індывідуальны льготны
для настаўнікаў;
638562 — ведамасны;
63880 — ведамасны льготны.
Пасведчанне аб дзяржаўнай
рэгістрацыі сродку масавай
інфармацыі № 7 ад 10.12.2012,
выдадзенае Міністэрствам
інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Выдавец:
Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом “Звязда”».
Дырэктар — галоўны рэдактар
Аляксандр Мікалаевіч КАРЛЮКЕВІЧ
Тэхнічны рэдактар,
камп’ютарная вёрстка:
А. В. Бізункова
Камп’ютарны набор:
Г. Я. Палякова
Стыльрэдактар:
Н. А. Святлова