Навіны














Ад Мінска да Цукубы

Нататкі з Першага міжнароднага навуковага кангрэса беларускай культуры

Што прываблівае замежных даследчыкаў у беларускай культуры? Найперш — фальклор: песні, казкі, абрады не толькі адлюстроўваюць нацыянальную карціну свету, але і раскрываюць адметнасці іншых культур праз выкарыстанне параўнальнага метаду. Яшчэ адна актуальная тэма — этнакультурныя працэсы, гісторыя і сучаснасць беларускай дыяспары ў розных краінах свету. Звяртаюцца спецыялісты і да вывучэння беларускай мовы, літаратуры, архітэктуры. Шырокае абмеркаванне вынікаў навуковых даследаванняў адбылося падчас Першага міжнароднага навуковага кангрэса беларускай культуры, які прайшоў 5 — 6 мая.

Больш за трыста даследчыкаў прынялі ўдзел у навуковым форуме, у тым ліку спецыялісты з трынаццаці замежных краін. Праца кангрэса вялася ў пятнаццаці паралельных секцыях, якія былі прысвечаны гісторыка-культурнай спадчыне, фальклору, музыцы, тэатру, кінематографу, выяўленчаму і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву ды інш. Вялікую ролю ў арганізацыі кангрэса адыгралі маладыя навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Прадстаўнікі дзяржаўных структур у прывітальных словах нагадалі пра значнасць асэнсавання набыткаў беларускай культуры. Культура фарміруе дух нацыі, па нацыянальнай культуры народ пазнаюць у свеце, таму яе вывучэнне, захаванне і папулярызацыя — абавязковая ўмова паспяховага развіцця грамадства. Прагляд праграмы кангрэса падчас пленарнага пасяджэння дазволіў адзначыць шэраг цікавых фактаў.

ПРЫЯРЫТЭТЫ

З улікам вялікай колькасці дакладаў можна было вызначыць, якія прадстаўнікі беларускай культуры найбольш прывабліваюць сучасных даследчыкаў. Чатыры даклады былі прысвечаны творчасці Івана Шамякіна, па тры даклады — творчасці Максіма Багдановіча і Васіля Быкава, працам мовазнаўцы і этнографа Яўхіма Карскага, этнографа і фалькларыста Аляксандра Сержпутоўскага. Зацікавіла даследчыкаў творчасць Элізы Ажэшкі, Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча і Альгерда Бахарэвіча — кожнаму з гэтых аўтараў былі прысвечаны па два даклады.

Згаданыя імёны прывабілі не толькі беларускіх, але і трох замежных даследчыкаў. Дарэчы, у праграме канферэнцыі былі анансаваны даклады 65 гасцей — гэта амаль пятая частка.

БЕЛАРУСКАЯ МОВА Ў ЯПОНІІ

Вялікае захапленне выклікаў даклад доктара філалагічных навук, прафесара Цукубскага ўніверсітэта Тасінобу Усуямы (Японія), агучаны аспіранткай Сіёры Кіёсава. На выдатнай беларускай мове! Дакладчыца звярнулася да гісторыі беларуска-японскіх культурных узаемасувязей. Як высветлілася, у беларускай літаратуры японцаў найперш цікавіць тэма наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Першы твор беларускай літаратуры, перакладзены на японскую мову, — верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?», а самы чытаны сёння беларускі пісьменнік — Святлана Алексіевіч. Па-японску можна пазнаёміцца з творамі некалькіх дзясяткаў нашых аўтараў, але цяпер японцы могуць навучыцца чытаць іх нават у арыгінале!

Магчымасць вывучыць беларускую мову з’явілася дзякучы распрацоўцы пачатковага курса беларускай мовы для японцаў. Першая частка дапаможніка «Спрабуйма!» выдадзена ў Цукубскім універсітэце. Аўтары дапаможніка — магістр міжнародных навук Сіёры Кіёсава і доктар філалагічных навук, дацэнт кафедры сучаснай беларускай мовы Таццяна Рамза. Падручнік для японцаў стаў адным з першых дапаможнікаў для замежнікаў па вывучэнні беларускай мовы.

Курсы беларускай мовы на працягу пяці гадоў дзейнічаюць у Токіа. Большасць навучэнцаў — японцы, якія вывучылі беларускую мову ў нашай краіне і працягваюць удасканальваць яе на радзіме.

КУЛЬТУРНЫЯ ЛАНДШАФТЫ

Японцы, якія размаўляюць па-беларуску, могуць вельмі ўразіць жыхароў беларускіх гарадоў. Падчас адкрыцця кангрэса была адзначана неабходнасць актыўнай працы ў распаўсюджанні ведаў пра Беларусь, бо за апошнія дзесяцігоддзі вырасла некалькі пакаленняў, якія слаба ведаюць гісторыю і культуру сваёй краіны. Беларусы схільныя да культурнай асіміляцыі, што засведчыла ў дакладзе вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута этналогіі і антрапалогіі РАН Рэгіна Грыгор’ева. Акрэсліваючы дэмаграфічны партрэт беларусаў Калінінградскай вобласці, гісторык адзначыла, што большасць падлеткаў, якія нарадзіліся ў змяшаных беларуска-рускіх сем’ях, лічаць сябе рускімі альбо маюць падвойную ідэнтычнасць і толькі ў адзінкавых выпадках адносяць сябе да беларусаў, што сведчыць пра невысокую рэзістэнтнасць беларускай культуры.

Вывучэнне сучаснай сацыякультурнай сітуацыі — абавязковая перадумова фарміравання культурнай палітыкі дзяржавы. Доктар філасофскіх навук, прафесар Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта Валянціна Дыянава прадставіла калегам такую стратэгію вывучэння культурнай спадчыны, як транскультурацыя. Тэрмін быў уведзены кубінскім антраполагам Фернанда Оціс для апісання феноменаў зліцця і збліжэння культур. Даследчыца таксама звярнулася да канцэпцыі культурнага ландшафта, якую плённа распрацоўваюць расійскія навукоўцы. Ключавы момант у вызначэнні сутнасці культурнага ландшафту — характар узаемадзеяння і ўзаемаўплыву культуры і прыроды. Вызначэнне ўплыву культурнага ландшафту на творчасць мастака магчымае, нават калі творца не ідэнтыфікаваў сябе з карэнным насельніцтвам — як у выпадку са многімі культурнымі дзеячамі Усходняй Еўропы ХVІІІ — пачатку ХХ стагоддзяў.

ПРАБЛЕМА БІЛІНГВІЗМУ

Адзін з галоўных складнікаў нацыянальнай культуры — гэта нацыянальная мова, якая павінна быць запатрабаванай як сродак зносін. Праблема білінгвізму ў сучаснай Беларусі знайшла адлюстраванне ў шасці дакладах сесіі «Нацыянальная мова». Падчас пленарнага пасяджэння даклад, прысвечаны блізкароднаснаму беларуска-рускаму двухмоўю, прачытаў прафесар Аляксандр Лукашанец, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

«Праблема захавання і развіцця нацыянальных моў стаіць па-рознаму для розных культур, — падкрэсліў Аляксандр Аляксандравіч. — Сучасная культура Беларусі мае складаную структуру, і беларуская мова ў розных сегментах выяўлена па-рознаму. Беларуская мова суадносіцца з уласна-беларускай (нацыянальна-маркіраванай) часткай культурнай прасторы, а руская мова прэзентуе іншанацыянальную (інтрэнацыянальную) частку. Шырокае выкарыстанне рускай мовы пашырае культурную прастору асобы, але стварае небяспеку для захавання нацыянальнай спецыфікі беларускай культуры».

Па словах прафесара, культурныя стэрэатыпы, якія тычацца беларускай і рускай моў, змяніліся на працягу апошніх дзесяцігоддзяў. Беларуская мова ўжо не ўспрымаецца як мова вясковай, традыцыйнай культуры і ўсё часцей ацэньваецца як перспектыўная і прагрэсіўная. Аднак больш шырокаму выкарыстанню беларускай мовы замінае недастатковая моўная кампетэнцыя многіх насельнікаў краіны. Магчымыя меры для пашырэння сферы ўжывання беларускай мовы, якія згадвае Аляксандр Лукашанец, — гэта забеспячэнне кожнаму права атрымліваць паслугі на аптымальнай для яго мове, распрацоўка матэрыяльнага стымулявання і прэферэнцый для беларускамоўных работнікаў і творчых калектываў, фарміраванне беларускамоўнага культурнага поля.

Канкрэтная распрацоўка гэтых мер падаецца магчымай пры ўліку практычнага досведу нашых калег. Напрыклад, фарміраванне беларускамоўнага культурнага поля можа прадугледжваць стварэнне зон беларускага маўлення, адмысловай сеткі забаўляльных дзіцячых комплексаў, павелічэнне беларускамоўнай рэкламы, у тым ліку сацыяльнай.

Праграма кангрэса прадугледжвала даклады з прыкладным значэннем; адной з задач форуму быў удзел выступоўцаў у «распрацоўцы і ўдасканаленні сучаснай цэласнай культурнай стратэгіі». Тым не менш мерапрыемства атрымалася больш навуковым, чым практычным. Абмеркаванне канкрэтных захадаў па пашырэнні сферы ўжывання беларускай мовы і вырашэнні іншых праблем у сферы культуры застаецца справай на будучыню, і ўсведамленне іх актуальнасці — добры падмурак магчымых здзяйсненняў.

Юлія ШПАКОВА

напісанае застаецца







Кантакты
Адрас рэдакцыі: Юрыдычны адрас:
220013, Мінск,
вул. Б. Хмяльніцкага, 10-а
Е-mail: lim@zviazda.by

Адрас для карэспандэнцыі:
220013 Мінск, пр. Незалежнасці, 77
Е-mail: lim_new@mail.ru

Адрас у інтэрнэце: www.lim.by

Тэлефоны:
галоўны рэдактар — 292-20-51
намеснік галоўнага
рэдактара — 287-17-98
адказны сакратар — 292-20-51
аддзел крытыкі і бібліяграфіі — 292-56-53
аддзел прозы і паэзіі — 292-56-53
аддзел мастацтва — 292-20-51
аддзел «Кніжны свет» — 292-56-53
бухгалтэрыя — 287-18-14
Тэл./факс — 292-20-51
Выходзіць раз на тыдзень
па пятніцах.

Падпісныя індэксы:
63856 — індывідуальны;
63815 — індывідуальны льготны
для настаўнікаў;
638562 — ведамасны;
63880 — ведамасны льготны.
Пасведчанне аб дзяржаўнай
рэгістрацыі сродку масавай
інфармацыі № 7 ад 10.12.2012,
выдадзенае Міністэрствам
інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Выдавец:
Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом “Звязда”».
Дырэктар — галоўны рэдактар
Аляксандр Мікалаевіч КАРЛЮКЕВІЧ
Тэхнічны рэдактар,
камп’ютарная вёрстка:
А. В. Бізункова
Камп’ютарны набор:
Г. Я. Палякова
Стыльрэдактар:
Н. А. Святлова