Навіны














«Прыгожыць жыццё…»

Калі раман каштуе манаграфіі

Значныя для нас людзі заўсёды застаюцца ў памяці цікавымі сустрэчамі і размовамі, адметнымі якасцямі, карыснымі парадамі і трапнымі думкамі. Алега Лойку ведалі многія даследчыкі і творцы — і, трэба думаць, згадваюць добрым словам не толькі з юбілейных нагод. Літаратуразнаўца, пісьменнік, выкладчык, кіраўнік студэнцкага літаб’яднання «Узлёт»… Вядома, пісьменнікі застаюцца з нашчадкамі старонкамі сваіх кніг — у Алега Антонавіча іх было таксама нямала.

«Алег Лойка спалучаў уласцівасці выдатнага даследчыка літаратуры, а значыць, чалавека рацыянальнага, з паэтам-лірыкам, у якога пераважна задзейнічана эмацыянальная сфера», адзначае Таццяна Шамякіна. Здзіўляе ўніверсальнасць таленту: ён пісаў манаграфіі, вершы, крытычныя артыкулы, кнігі для дзяцей… Яго раманы-эсэ «Як агонь, як вада» (1984) і «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» (1990) дзякуючы багатай факталогіі замяняюць дзясяткі навуковых прац і ўспамінаў. Гэтыя глабальныя творы — сведчанне выключнай эрудыцыі, дасведчанасці і пісьменніцкага майстэрства. Ці варта нагадваць, што раманы-эсэ прысвечаны ключавым этапам гісторыі беларускага пісьменства? Дзейнасць Францыска Скарыны — пачатак славянскага кнігадрукавання і адна з пазнак Новага часу, «нашаніўскі перыяд» — час фарміравання традыцый сучаснай айчыннай літаратуры. Буйным планам абмаляваныя галоўныя героі твораў — узнёслыя і велічныя, яны дакладна ўсведамляюць значнасць сваёй справы. Сур’ёзна ставіўся аўтар і да ўзнаўлення эпохі: вялікая ўвага прысвечана другасным персанажам, грамадскім праблемам і ладу жыцця.

З’яўленню рамана-эсэ «Як агонь, як вада», прысвечанага Янку Купалу, папярэднічалі навуковыя росшукі: даследаванні па творчасці Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, беларускай паэзіі ХХ стагоддзя. Пералік літаратуразнаўцаў, якія звярталіся да мастацкіх здабыткаў нашаніўцаў, ужо ў 1970-я гады выглядаў вельмі прыстойна. Здавалася б, героямі раманаў-эсэ маглі стаць і іншыя творцы — напрыклад, Адам Бабарэка, якога Алег Лойка згадваў як «аднаго з лепшых беларускіх крытыкаў 1920-х гадоў». Калі б даследчыкі на некалькі дзесяцігоддзяў раней захапіліся творчасцю сяброў літаб’яднання «Узвышша», думаецца, пашыраныя ўяўленні пра нацыянальны літаратурны канон былі б сёння крыху іншымі.

Умоўная схема рассялення аўтараў на літаратурным Парнасе заўсёды можа трапіць пад сумнеў. «Пушкін напісаў семсот лірычных вершаў, з іх хрэстаматыйных, шэдэўральных — не больш чатырох дзясяткаў», — разважаў Алег Лойка ў артыкуле «Слова даецца нялёгка». Сорак добрых вершаў можна сабраць як з паэтычных зборнікаў Пімена Панчанкі, Аркадзя Куляшова, Ніла Гілевіча, так і з кніг Алега Лойкі, яго таленавітых сяброў ці вучняў-узлётаўцаў.

Вядома, ладная частка значных твораў Алега Лойкі — вершы пра Беларусь. Яе мінулае — гэта вогнішчы першабытнай стаянкі ў Юравічах, Іван Грозны, які замаўляе вырабіць залатую чашу з полацкага скарба, Кастусь Каліноўскі ля Сынкавіцкай царквы на шляху ў родны для паэта горад Слонім… Запамінальныя сучасныя героі — дзядзька Міхась і цётка Антоля — класічныя вобразы сялян-беларусаў, якія жывуць нетаропка і дбаюць пра бульбу для сыноў.

Паглядаю на дзядзьку ізноў, —

Не змяніўся ні ён, ані цётка,

Ці то век мой быў гэткі кароткі,

Ці яны — вечнасць нейкіх асноў?..

І нішто мо нязменна наогул

Тут, дзе вечныя вокал палі,

Дзе знікае любая трывога,

Што ты ўвогуле знікнеш калісь?..

Алег Лойка, як і належыць савецкаму пісьменніку, нагадваў чытачам, што жыццё павінна быць прыгожым і добрым. Для сучасных паэтаў гэта задача далёка не першая, хаця для культуры застаецца, безумоўна, значнай. Алег Антонавіч адчуваў меру з ідэалізацыяй: неаднойчы разважаў «ці так?» і прапаноўваў чытачам часцей «прыгожыць жыццё» святам ці песняй. Нямала ў яго радасных, бадзёрых, сур’ёзных вершаў. Выдатны ўзор беларускай савецкай паэзіі — вершы «На паліграфкамбінаце», дзе сцвярджаецца веліч кнігі і працы, «Перапіска», адметны вобразам захопленага і мужнага працаўніка.

Зборнікі вершаў можна гартаць не толькі «з прыцэлам на шэдэўры», але і як цікавы фотаальбом, шукаючы нечаканую тэму, адмысловы ракурс, яркае ўражанне — каб лепш зразумець мінулае, светапогляд старэйшага пакалення. Вось Алег Лойка разважае пра вобраз мора ў народнай песні, вось здзіўляецца сексізму ў французскай рэкламе, вось радуецца разам са спартсменам-люксембуржцам, бо гімн амаль невядомай краіны гучыць для тысячы гледачоў. У крытычных артыкулах паэт падкрэсліваў, што самазасяроджанасць — небяспечная якасць для творцы. Адпаведна, яго ўласныя вершы — не паэтычнае сэлфі, а расповед пра блізкіх і сваякоў, пра людзей, з якімі давялося жыць у адным горадзе, краіне, свеце. Разглядаць такі «фотаальбом» не менш карысна, чым на кожнай старонцы паглыбляцца ў асабістыя перажыванні аўтара.

Адна з адметных кніг у творчай спадчыне Алега Лойкі — «Займальная літаратура», выдадзеная пасля смерці пісьменніка ў 2009 годзе. Каб прывабіць маладое пакаленне, аўтар у форме свабодных разваг звяртаўся да гісторыі сусветнай літаратуры, згадваў эпізоды з жыцця калег, вучыў аналізаваць і ацэньваць твор, распавядаў пра асаблівасці пісьменніцкай кухні. Алег Лойка ўзняў нямала цікавых і вострых пытанняў, на якія кожны літаратар шукае свае адказы. Мастацкая творчасць, літаратуразнаўства, крытыка — заўсёды размова з папярэднікамі, развіццё цікавых ідэй, абгрунтаванне і супастаўленне розных творчых шляхоў. У гэтым дыялогу ўдзельнічаюць розныя пакаленні — і голас Алега Лойкі працягвае гучаць выразна.

Алеся ЛАПІЦКАЯ

напісанае застаецца







Кантакты
Адрас рэдакцыі: Юрыдычны адрас:
220013, Мінск,
вул. Б. Хмяльніцкага, 10-а
Е-mail: lim@zviazda.by

Адрас для карэспандэнцыі:
220013 Мінск, пр. Незалежнасці, 77
Е-mail: lim_new@mail.ru

Адрас у інтэрнэце: www.lim.by

Тэлефоны:
галоўны рэдактар — 292-20-51
намеснік галоўнага
рэдактара — 287-17-98
адказны сакратар — 292-20-51
аддзел крытыкі і бібліяграфіі — 292-56-53
аддзел прозы і паэзіі — 292-56-53
аддзел мастацтва — 292-20-51
аддзел «Кніжны свет» — 292-56-53
бухгалтэрыя — 287-18-14
Тэл./факс — 292-20-51
Выходзіць раз на тыдзень
па пятніцах.

Падпісныя індэксы:
63856 — індывідуальны;
63815 — індывідуальны льготны
для настаўнікаў;
638562 — ведамасны;
63880 — ведамасны льготны.
Пасведчанне аб дзяржаўнай
рэгістрацыі сродку масавай
інфармацыі № 7 ад 10.12.2012,
выдадзенае Міністэрствам
інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Выдавец:
Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом “Звязда”».
Дырэктар — галоўны рэдактар
Аляксандр Мікалаевіч КАРЛЮКЕВІЧ
Тэхнічны рэдактар,
камп’ютарная вёрстка:
А. В. Бізункова
Камп’ютарны набор:
Г. Я. Палякова
Стыльрэдактар:
Н. А. Святлова