Навіны














ХАРАКТАР НАТХНЕННЯ — ПУХАВІЦКІ

Мне часта прыгадваецца выказванне Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна: «Клянусь честью, ни за что на свете я не хотел бы переменить отечество или иметь другую историю, кроме истории наших предков». Асабліва тады, калі знаёмлюся з кнігамі гісторыка-краязнаўчай тэматыкі, якія ракрываюць не толькі значныя падзеі, але і расказваюць пра знакавыя постаці ў нацыянальнай гісторыі. Гэта тычыцца і таго, што з’яўляецца з-пад пяра Алеся Карлюкевіча.

На ніве краязнаўства і радзімазнаўства (Адам Мальдзіс адрознасць паміж гэтымі паняццямі тлумачыць так: краязнаўства — тутэйшасць, радзімазнаўства — нацыянальная годнасць і гордасць) апошнім часам Алесь Карлюкевіч працуе асабліва плённа. Цэлая краязнаўчая бібліятэка напісана адным аўтарам. Істотна тое, што пісьменнік немалую ўвагу ўдзяляе падзеям на Ігуменшчыне і людзям, якія нарадзіліся ці звязалі з гэтым кутком свой лёс. Новая кніга Алеся Карлюкевіча «Краязнаўчы рэсурс у вывучэнні беларускай літаратуры», якая выйшла напрыканцы мінулага года ў выдавецтве «Адукацыя і выхаванне».

Літаратурнага краязнаўства ў беларускай практыцы ў такім аб’ёме, як у Алеся Карлюкевіча, па сутнасці, яшчэ не было. Адметнасць узгаданай Алеся Мікалаевіча ў тым, што пад адной вокладкай змешчаны як бы дзве міні-энцыклапедыі Пухавіччыны: літаратурная і краязнаўчая. Ды не традыцыйныя, калі прыводзіцца пэўны тэрмін, назва і даецца да іх кароткае тлумачэнне, а кшталту «Праваслаўнай энцыклапедыі», альбо тамоў «Рускія пісьменнікі», у якіх змешчаны разгорнутыя артыкулы.

Дарэчы, творчасць Алеся Карлюкевіча — не такі ўжо і часты ў літаратуры выпадак, калі пісьменнік, знайшоўны сваю тэму, увесь час трымаецца яе, пастаянна заглыбляецца ў сутнасць праблемы, на новым матэрыяле вырашаючы тое, што лічыць для сябе галоўным. Адносна дакументалістыкі, тым больш калі ў аснове — краязнаўства, гэта рэдкасць. Але паколькі«характар літаратурнага натхнення пухавіцкі», як прызнаецца пісьменнік, то ён пастаянна ў полі прыцягнення таго, што ніколі не выкрасліць з сэрца.

Чытач, адкрываючы для сябе малавядомае, а то і зусім невядомае, з цікавасцю перагорне старонку за старонкай, кожным разам знаходзячы для штосьці новае. Узяць хоць бы сведчанні пра тое, што ў 1930 годзе на Пухавіччыне пабывала англійская пісьменніца міс Сесіль Чэстэртон. Дый далёка не ўсе ведаюць пра пухавіцкую старонку ў жыцці драматурга, кінасцэнарыста Рыгора Кобеца, які стаяў ля вытокаў беларускага кіно. Дарэчы, і ў далейшым Алесь Карлюкевіч не менш удала ўводзіць у сюжэтную канву аповеду сведчанні відавочцаў тых ці іншых падзей, спасылаецца на розныя публікацыі, дапаўняючы гэта ўласнымі росшукамі —вынікам сустрэч з тымі, хто валодае цікавай інфармацыяй. Падмогай для яго з’яўляюцца і архіўныя знаходкі.

Міжволі напрошваецца параўнанне з кнігай Алега Лойкі «Займальная літаратура». У Алеся Карлюкевіча таксама прысутнічае ўспрыманне кожнага факта як бы на смак. І Алесь Карлюкевіч, «смакуючы» той ці іншы факт, стараецца падаць яго так, каб чытач адчуў, наколькі прадмет гаворкі можа быць захапляльным. Нават з’яўляецца адчуванне, што перад табой свайго роду краязнаўчая энцыклапедыя Пухавіччыны: нішто не прапушчана, нішто не абдзелена ўвагай. Пісьменнік не проста прыводзіць пэўныя факты, называе падзеі, пры гэтым аналізуючы іх, але дбае і пра тое, каб усё гэта ўспрымалася як мага лепш. Таму так да месца ўспаміны тых, у чыім лёсе прапісалася Пухавіччына, а таксама ўрыўкі з твораў, якія робяць яшчэ больш запатрабаваным успрыманне таго, пра што расказваецца.

Кніга «Краязнаўчы рэсурс…» дазваляе на прыкладзе аднаго раёна пераканацца ў тым, наколькі багатая на творчыя таленты наша зямля і наколькі моцныя творчыя ўзаемасувязі. Несумненна, што на малой карце Пухавіччыны, калі мець на ўвазе тэрыторыю раёна, відаць вялікая літаратура.. Населеных жа пунктаў, якія маюць дачыненне да літаратуры, тут шмат: акрамя Мар’інай Горкі і пасёлка Мар’іна, Шацк, Блужа, Балачанка, Падбярэжжа, Караваева, Дзудзічы…

Кніга «Краязнаўчы рэсурс…» заканчваецца такой аўтарскай высновай: «мастацкая літаратура становіцца тады болей прыцягальнай, калі да знаёмства з ёй падыходзіш з уласнымі адкрыццямі і твора, і аўтара як нечага блізкага, роднага, у пэўнай ступені знаёмага. І гэтую задачу якраз і здольна вырашаць, на мой погляд, літаратурнае краязнаўства, веданне літаратуры агульнанацыянальнай з вышыні сваёй роднай і блізкай старонкі».

На мой погляд — таксама. Думаю, што ў гэтым упэўняцца ўсе, хто пазнаёміцца з новай кнігай Алеся Карлюкевіча. І будуць чакаць чарговай сустрэчы з аўтарам. Тым больш што і сам ён у «Пасляслоўі» сведчыць: «Вось і завяршылі мы вандроўку па літаратурных адрасах Пухавіччыны» і дадае: «Упэўнены, што завершанасць гэтая носіць чыста ўмоўны характар». Нельга не пагадзіцца.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

напісанае застаецца







Кантакты
Адрас рэдакцыі: Юрыдычны адрас:
220013, Мінск,
вул. Б. Хмяльніцкага, 10-а
Е-mail: lim@zviazda.by

Адрас для карэспандэнцыі:
220013 Мінск, пр. Незалежнасці, 77
Е-mail: lim_new@mail.ru

Адрас у інтэрнэце: www.lim.by

Тэлефоны:
галоўны рэдактар — 292-20-51
намеснік галоўнага
рэдактара — 287-17-98
адказны сакратар — 292-20-51
аддзел крытыкі і бібліяграфіі — 292-56-53
аддзел прозы і паэзіі — 292-56-53
аддзел мастацтва — 292-20-51
аддзел «Кніжны свет» — 292-56-53
бухгалтэрыя — 287-18-14
Тэл./факс — 292-20-51
Выходзіць раз на тыдзень
па пятніцах.

Падпісныя індэксы:
63856 — індывідуальны;
63815 — індывідуальны льготны
для настаўнікаў;
638562 — ведамасны;
63880 — ведамасны льготны.
Пасведчанне аб дзяржаўнай
рэгістрацыі сродку масавай
інфармацыі № 7 ад 10.12.2012,
выдадзенае Міністэрствам
інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Выдавец:
Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом “Звязда”».
Дырэктар — галоўны рэдактар
Аляксандр Мікалаевіч КАРЛЮКЕВІЧ
Тэхнічны рэдактар,
камп’ютарная вёрстка:
А. В. Бізункова
Камп’ютарны набор:
Г. Я. Палякова
Стыльрэдактар:
Н. А. Святлова