Навіны














Выклікі часу

Колькі магчымасцей у пісьменніка быць актуальным?

Вельмі часта ў гаворках пра сучаснае мастацкае слова літаратары ўжываюць словы «актуальная літаратура» і «белліт». Гэтыя паняцці не сінонімы, але ў іх шмат агульнага.

Ці гатовы чытач?

Разуменне таго, што ёсць актуальная літаратура, дае шырока вядомая думка С. С. Аверынцава, які заўважыў, што кнігі бягучага літаратурнага працэсу дзеляцца ва ўяўленні чытача «не на добрыя і дрэнныя (па сваім мастацкім ўзроўні), а на неабходныя і на тыя, без якіх можна абысціся», прычым «кнігі неабходныя бываюць недасканалымі і наадварот». Актуальная літаратура — гэта якраз творы неабходныя, а калі гаварыць больш канкрэтна, то гэта сукупнасць мастацкіх твораў розных аўтараў і якасці, але блізкіх у падыходзе да адлюстравання новых праблем свядомасці. Творы актуальнай літаратуры востра, часам негатыўна ўспрымаюцца чытачом, які часта аказваецца не гатовы менавіта да фармальнай навізны выяўлення рэчаіснасці, але без іх гісторыя нацыянальнай літаратуры будзе выглядаць няпоўнай, бо менавіта яны замацоўваюць формы новай мастацкай мовы, пачынаюць новую творчую інерцыю. Вельмі розныя на першы погляд, творы гэтыя, тым не менш, валодаюць пэўнай агульнасцю структуры. Яна можа быць раскладзена на ўзаемазвязаныя планы шляхам аналізу, у працэсе якога выяўляюцца формы і паняцці новай мастацкай мовы. Такім чынам, актуальная літаратура — гэта не ўся сучасная літаратура, а толькі яе частка. Тое ж можна сказаць і пра паняцце «белліт», якое толькі на першы погляд выглядае недарэчным «абырвалгам».

Мовазнаўца У. Кошчанка, разважаючы над тым, як у беларускай літаратуры ўзнікла гэтае скарачэнне, прывёў цікавую статыстыку: «Наш корпус дае некалькі вынікаў на запыт “белмова” і “белліт”. Калі набіраем у Гугле “руслит”, то маем 2960 вынікаў, “русяз” — 1630, “белмова” — 8530, белліт — недзе каля 1500 (з улікам “белит”). Няма чаго казаць, што слова «русязычный» увогуле не існуе, як і «русмоўны», дарэчы. Калі ўзяць судносіны з колькасцю насельніцтва і сферай ужывання, то карціна невясёлая выходзіць. Расейцы ўжываюць збольшага гэтыя скароты ў прыватных запісах, якія характарызуюцца гутарковай мовай, і ў назвах розных бібліятэк. У нас жа гэтыя словы шырока ўжываюць масмедыя і нават пісьменнікі ў сваіх творах».

Гэтая заўвага мовазнаўцы, пры ўсёй яе слушнасці, патрабуе ўдакладнення, бо скарачэнні «белліт» і «сучбелліт»звязаныя не столькі з моўнымі праблемамі, колькі з пытаннямі гісторыі і тэорыі літаратуры. Пачынаючы недзе з 2000-х гг. пісьменнікі і літаратуразнаўцы сапраўды актыўна сталі карыстацца гэтымі скарачэннямі ў сваіх мастацкіх і крытычных тэкстах. Напрыклад, праграма, прысвечаная сучаснай беларускай літаратуры на НЭТ-радыё, якую вяла крытык Ася Паплаўская, называлася «Сучбелліт». Сустракаецца гэтае паняцце і ў паэзіі. Так, Андрэй Хадановіч піша ў вершы «Дзесяць запаветаў маладых паэтаў»: «НЕ ЗАБІВАЙ сімпатычных герояў: // хопіць і тых, што празаік накроіў. // Лепей часьцей беражы сучбелліт // клавішаю “delete”».

Украінская практыка

Нават гэты невялікі ўрывак паказвае, што слова «сучбелліт»мае не адмоўную, а хутчэй іранічную канатацыю. Трэба адзначыць, што з’яўленне такога кшталту скарачэння ў вершах Хадановіча выглядае невыпадковым: менавіта гэты аўтар мае найбольшыя дачыненні да сучаснай украінскай літаратуры, альбо да «сучукрліту». Калі на Беларусі нехта спрабуе знайсці ў скарачэнні момант непавагі да нацыянальнай мовы, то ўжыванне аналагічнага паняцця для літаратуразнаўцаў і крытыкаў Украіны — абсалютна нармальная практыка.

Напрыклад, чытаем у Вікіпедыі: «Пад паняццем “сучасная ўкраінская літаратура” найчасцей разумеюць сукупнасць мастацкіх твораў, якія былі напісаныя падчас здабывання Украінаю незалежнасці ад 1991 году да цяперашняга часу. Такое размежаванне абумоўлена адміраннем пасля 1991 года агульнапрынятага для творцаў СССР стылю сацыялістычнага рэалізму і скасаваннем грамадзянскай цэнзуры. Прынцыповыя змены ва ўкраінскай літаратуры адбыліся яшчэ ў гады перабудовы (1985) і асабліва пасля Чарнобыльскай катастрофы (1986). Следствам большай свабоды, адкрытасці ўкраінскага грамадства да замежных уплываў і значна шырэйшых кантактаў з літаратурай іншых краін сучасная ўкраінская літаратура ў асноўным адрозніваецца ад савецкай і класічнай зваротам да забароненых тэм (Галадамор, сексуальнасць, наркотыкі, дэвіянтныя паводзіны і г.д.), выкарыстаннем новых стылістычных прыёмаў (постмадэрнізму, неаавангарду, ужыванне нецэнзурнай лексікі і суржыка), разнастайнасцю і змяшэннем жанраў, своеасаблівай эпатажнасцю, а таксама асэнсаваннем сацыяльных праблем і гістарычнай памяці. Тэрмін “сучасна українська література” часта скарачаецца як “сучукрліт” або “укрсучліт”».

Як ужо бачна з цытаты, скарачэнні нясуць не толькі згадку пра час, у які стваралася літаратура, але і маюць пэўную іранічную канатацыю, звязаную з тым, што скарачэнне слова «сучасны»для ўкраінцаў і беларусаў мае невыяўны, але ўсё ж негатыўны сэнс (чаго няма і не можа быць у сучаснай рускай літаратуры).

Выкарыстанне гэтых скарачэнняў у большасці выпадкаў — з’ява настолькі распаўсюджаная, што слова даўно прыняло нейтральную афарбоўку і займела шэраг вытворных. Негатыўную афарбоўку згаданыя скарачэнні маюць у пісьменнікаў старэйшага ўзросту. Можна згадаць словы слыннай украінскай пісьменніцы Ліны Кастэнка, сказаныя ёю на прэзентацыі кнігі Івана Дзюбы: «Я вярнулася ў літаратуру. Але ў якую? У УкрСучЛіт?» Кастэнка патлумачыць сваё стаўленне да слова наступным чынам: «Драма для паэта — працаваць на самоце цягам дваццаці гадоў дзеля будучыні, пасля прыйсці ў літаратуру, дзе ўсё змянілася… Мастацтва стала бізнесам, элітарны густ і эстэтыка заменены паняццямі «фармат», «мода». У новым часе шмат шуму, шмат самарэкламы, амбіцый, чужых шасцідзесятніцтву».

Схільныя да эпатажу ўкраінскія літаратуразнаўцы ў «Энцыклапедыі Драматыка»больш жорстка характарызуюць «сучукрліт». Але менавіта там сустракаем каментар, вельмі важны для разумення розніцы ў паняццях: «Перыяд сучаснасці ўкраінскай літаратуры звычайна вызначаюць ад пачатку 70-х гадоў і да нашых дзён. У анлайн-дыскусіях сучукрліт — гэта звычайна трохі больш вузкі перыяд, які пачынаецца прыблізна з 1985 года…»

Новаю моваю

На першы погляд, гэты артыкул дэманструе агульнае непрыняцце тых працэсаў, якія адбываюцца ў сучаснай украінскай літаратуры. Аднак відавочна, што гэта іранічнае стаўленне датычыць не столькі саміх новых літаратурных павеваў, колькі да абывацельскага погляду на іх. Дасведчаныя ўкраінскія літаратуразнаўцы і крытыкі, узброеныя ведамі гістарычнага і тэарэтычнага характару, адпачатку разумеюць, што з’яўленне новай мовы літаратуры, той мастацкай мовы, якая адпавядае новай рэальнасці, не можа не выклікаць негатыўнай рэакцыі ў непадрыхтаванага чытача, і часцяком імітуюць стыль, які б адпавядаў разважанням гэтага патэнцыйнага чытача.

Іншым разам такое фальшывае абурэнне сучукрлітам выклікае проста недаўменне. Аднак вывучэнне кантэксту не дае нагоды ўспрымаць гэта ўсур’ёз. Адной з асаблівасцей сённяшняга развіцця сучаснай украінскай літаратуры якраз і з’яўляецца той факт, што ўкраінскія літаратуразнаўцы і літаратурныя крытыкі настолькі ж іранічныя і самаіранічныя, як і пісьменнікі, што моцна адрознівае іх ад беларускіх калег, для якіх мінімальны выхад за межы традыцыйнага акадэмічнага стылю ёсць сур’ёзнае парушэнне канвенцый.

У скарачэння «сучукрліт» («укрсучліт») ёсць і сінонім, які больш выкарыстоўваюць у навуковых даследаваннях, а менавіта «актуальная літаратура» (Тамара Гундарава, Саламея Паўлычка, Марко Павлішін). Актуальнай літаратурай прынята называць і аналагічныя з’явы ў сучаснай рускай літаратуры, дзе абрэвіятура вызначэння «сучасная руская літаратура»не мае дадатковага сэнсу, літаратуразнаўцы і крытыкі аперыруюць паняццем «актуальная літаратура», якая, у сваю чаргу, з’яўляецца вытворным ад вызначэння «актуальнае мастацтва».

Што за скандалам?

У літаратуразнаўцаў існуе некалькі версій, якое менавіта паняцце легла ў падмурак гэтага вызначэння. Па версіі крытыка і літаратуразнаўцы Макса Фрая, выказанай у «Арт-Азбуке», «слова «актуальны»з’яўляецца эквівалентам англійскага contemporary. С. І. Чупрынін у сваіх літаратурных энцыклапедыях выводзіць этымалогію тэрміна ад “actualis”— той, які дзейнічае, дзейсны, важкі і істотны для цяперашняга часу». Апошні выступае супраць разумення гэтага слова ў якасці сіноніма слову «сучасны»і лічыць, што ў ім ёсць уласны сэнс, які ўзыходзіць да познелацінскай крыніцы і абапіраецца на ўведзенае ўдзельнікамі Пражскага лінгвістычнага кола паняцце актуалізацыі, то бок выкарыстання выяўленчых і выразных сродкаў мовы такім чынам, што яны ўспрымаюцца як незвычайныя, «дэаўтаматызуюцца».

Галоўнымі прыкметамі актуальнай літаратуры для гэтага тэарэтыка з’яўляюцца інавацыйнасць і пазакантэкстуальнасць. У сваім вызначэнні Чупрынін абапіраецца на высновы другой расійскай літаратуразнаўцы, якая займаецца тэарэтычным вывучэннем з’яў бягучага літаратурнага працэсу, — Марыі Бандарэнка.

Трэцяй прыкметай актуальнага мастацтва С. І. Чупрынін, услед за М. Фраем, лічыць яго скіраванасць на скандал як адну «з асноўных стратэгій авангарднага мастацтва», таму «з аднаго боку, шырокая грамадскасць даведалася пра існаванне актуальнага мастацтва менавіта дзякуючы скандалам, з другога — дзякуючы скандалам легітымнасць актуальнага мастацтва па-ранейшаму сумнеўная».

Відавочна, што менавіта гэтая скандальнасць, правакатыўнасць знайшла сваё выяўленне ў сэнсавым скарачэнні слова «сучасны»да іранічнага «суч» у абрэвіятурах «сучбелліт» і «сучукрліт».

Аднак, ёсць і іншыя меркаванні. Расійскі даследчык У. Бандарэнка ў невялікім артыкуле «Актуальная літаратура»выступае супраць спроб «загнаць гэтае паняцце ў падполле авангарду альбо нейкай спецыялізаванай літаратуры». На думку У. Бандарэнкі, актуальная літаратура — гэта любая таленавітая літаратура, якая адказвае на выклік часу, нават апярэджвае свой час, бо яна прадчувае ўсе будучыя трагедыі і беды чалавецтва, нацыі, дзяржавы, грамадства, у якой бы мастацкай традыцыі яна ні стваралася».

Цяжка не пагадзіцца з Бандарэнкам, калі ён гаворыць, што ёсць не адна магчымасць быць актуальным. І, адпаведна, у розных пісьменнікаў — «розныя актуальнасці, розныя кропкі прарыву ў сапраўднасць». Актуальнасць паводле Бандарэнкі — гэта спосаб прарыву да новага быцця. Хто імкнецца зразумець гэтае новае быццё, пераадолець пропасць небыцця, той і актуальны.

Розніца паміж паняццямі «сучукрліт»і «сучбелліт»і паняццем «актуальная літаратура»палягае ў тым, што першыя два тэрміны ёсць канкрэтная рэалізацыя трэцяга ў часе. Скарачэнні «сучбелліт»і «сучукрліт»у большай ступені выкарыстоўваюцца крытыкай і пісьменнікамі, у той час як тэарэтыкі літаратуры аддаюць перавагу тэрміну “актуальная” літаратура».

Ганна КІСЛІЦЫНА

напісанае застаецца







Кантакты
Адрас рэдакцыі: Юрыдычны адрас:
220013, Мінск,
вул. Б. Хмяльніцкага, 10-а
Е-mail: lim@zviazda.by

Адрас для карэспандэнцыі:
220013 Мінск, пр. Незалежнасці, 77
Е-mail: lim_new@mail.ru

Адрас у інтэрнэце: www.lim.by

Тэлефоны:
галоўны рэдактар — 292-20-51
намеснік галоўнага
рэдактара — 287-17-98
адказны сакратар — 292-20-51
аддзел крытыкі і бібліяграфіі — 292-56-53
аддзел прозы і паэзіі — 292-56-53
аддзел мастацтва — 292-20-51
аддзел «Кніжны свет» — 292-56-53
бухгалтэрыя — 287-18-14
Тэл./факс — 292-20-51
Выходзіць раз на тыдзень
па пятніцах.

Падпісныя індэксы:
63856 — індывідуальны;
63815 — індывідуальны льготны
для настаўнікаў;
638562 — ведамасны;
63880 — ведамасны льготны.
Пасведчанне аб дзяржаўнай
рэгістрацыі сродку масавай
інфармацыі № 7 ад 10.12.2012,
выдадзенае Міністэрствам
інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Выдавец:
Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом “Звязда”».
Дырэктар — галоўны рэдактар
Аляксандр Мікалаевіч КАРЛЮКЕВІЧ
Тэхнічны рэдактар,
камп’ютарная вёрстка:
А. В. Бізункова
Камп’ютарны набор:
Г. Я. Палякова
Стыльрэдактар:
Н. А. Святлова