Навіны














Такія розныя празаікі

Святло Калядаў і змрочныя апісанні горада, гістарычная дакладнасць і неўтаймоўная рэфлексія, узнёслая сталасць і іранічная маладосць ― усемагчымыя адценні прозы сабралі «Казкі майго горада», зборнік ― творчая справаздача, падрыхтаваная выпускнікамі Школы маладога пісьменніка 2013/2014 года.

Таленавіты твор пазнаецца з першай старонкі. Дый гэтага зашмат: дастаткова двух абзацаў, каб зразумець, што апавяданне жывое. Адзін празаік даводзіў, што хопіць усяго пары сказаў.

Як пачынаюцца апавяданні з «Казак…»?

Маладыя пісьменнікі ідуць двума шляхамі, і трэцяга не дадзена: альбо чытач трапляе адразу ў дзею, укліньваецца ў размову герояў ці развагі аўтара, альбо сузірае пейзаж. Часцей за ўсё празаікі ідуць на абардаж. Сапраўды, не ведаеш, як пачаць, пачні як-небудзь, а потым адкінь два першыя сказы. Ці пачні з сярэдзіны. Праўда, з’яўляецца рызыка, што аўтара не зразумеюць. І добра, калі ключ знаходзіцца пад канец, але ж бывае і так, што многае застаецца за заслонай, і гэта не тая недасказанасць, якая ўпрыгожвае апавяданне.

Празаічныя тэксты Антона Рудака найбольш блізкія да навелы: ніякіх размаітых уступаў, напружанае дзеянне з першых сказаў, канфлікт, нечаканыя павароты, трагічная развязка ― а то і не сама развязка, а толькі намёк на яе, што дадаткова «ўзмацняе» трагедыю. «Дзень вызвалення» ў дзве старонкі, лічы, разгарнуў маленькую грамадзянскую вайну, у якой сутыкаюцца палітычныя погляды і чалавечыя прыхільнасці, непадзеленае каханне. Пры гэтым застаецца інтрыга ― безумоўны плюс. І ў той жа час творы («Ружанец» у тым ліку) не маюць патрэбнай завершанасці, выглядаюць як урыўкі з аповесцей. Асабліва калі звярнуць увагу на тое, што львіная доля тэксту прыходзіцца на дыялогі, і словы аўтара выступаюць як звязка між словамі герояў. Такая канцэнтрацыя дыялогаў для навелы зусім не характэрная. «Ружанец» і «Дзень вызвалення»― фрагменты іншых, буйнейшых і пакуль яшчэ не напісаных твораў. Сухаваты, але не тое каб лаканічны стыль. Героі раскрываюцца ў дыялогу, у дыялогу ж узнікаюць значныя дэталі, па якіх можна прадказаць паварот сюжэта. Аўтар выступае як назіральнік з грунтоўнай гістарычнай падрыхтоўкай, прычым назіральнік моцна зацікаўлены сваімі героямі. Станоўчыя і не вельмі, яны пакідаюць пытанні, і, нягледзячы на пытанні, аўтар ім сімпатызуе… Словам, будучая аповесць Антона Рудака, эскізы якой змешчаныя ў «Казках майго горада», мусіць быць займальнай і змястоўнай.

Яшчэ адно слова датычна тэкстаў Антона Рудака ― мова. Здаецца, ён аднолькава добра валодае рускай і беларускай. Але ў рускамоўным «Дні вызвалення» словы чапляюцца адно за адное, кепска ладзяць між сабою, у той час як «Ружанец» (менш зразумелы сюжэтна) гучыць гарманічна, мова ў ім абаяльная і на яе, урэшце, асобна не звяртаеш увагі.

Зусім іншая руская мова ў Андрэя Лазуткіна. Рэзкаму, хуліганістаму, знарочыста задзірліваму аўтару пасуюць усе яе вострыя куты і выпіны. Мова аўтара безумоўна літаратурная, хоць і стылізаваная пад расповед сына вуліц і двароў. Аповед вядзецца ад першай асобы, адсюль і характэрныя слоўцы-выразы: «почирикать с подружками», «полудохлые розы», «глазищи хитрые», «потянулась на цырлах». Надзвычай натуральны персанаж, натуральная мова, стрыманы і вынаходлівы іх стваральнік. Якраз на стрыманасці аўтара «Французскіх духоў» трэба затрымаць увагу. Такі каларыт вельмі спакуслівы, развязае рукі, бо на персанажа, ад імя якога прамаўляеш, можна спісаць што заўгодна, любую вольнасць. Але Андрэй Лазуткін мае дакладнае адчуванне меры, якое ні разу яго не падводзіць. Апавяданне пры сваёй моўнай нестандартнасці не вульгарнае, не «дваровае», але наадварот ― ледзьве не шчымлівае праз гэтую сваю шчырасць і найчысцейшую лірыку. Тое, што можна было б прыняць за сцёб, ― процівага сентыментальнасці, абавязковы дамешак, без якога твор быў бы далёка не такі праўдзівы.

Але чаму «Казкі майго горада»? Празаікі новай генерацыі ўжо не пачуваюцца «сенам на асфальце». Горад для іх не ўяўляе нешта таямнічае, ці страшнае, ці прывабна-ружовае. Гэта звыклая прастора існавання, і яе законы, спазнаныя і асэнсавання, увасабляюцца ў найноўшых празаічных творах. Толькі здаецца, што сена на асфальце ― тэрмін не актуальны ўжо гадоў як дзесяць ці болей. Насамрэч, толькі-толькі вёска перастае супрацьпастаўляцца гораду. Аднак варожая афарбоўка апошняга застаецца. Чалавек сярод тысячы такіх жа, як ён, пачуваецца самотна, і вясковыя карані тут ні пры чым. Шэрыя гмахі навісаюць над уражлівымі душамі, капцяць ліхтары ў цемры, у невядомасць ідуць цягнікі…

Але ёсць і іншы горад. Ён альбо знаходзіцца недзе далёка, скажам, на Кіпры ці ў Францыі, як у творах Артура Камароўскага, альбо афарбаваны святочным настроем, як у калядных апавяданнях Ксеніі Шталенковай. Горад у кожнага атрымліваецца свой, хоць бы гэта і быў усё той жа Мінск. І ў кожнага такога горада ― свая гісторыя. Казачная? Рэдка, калі пад казачным разумець нешта светлае-добрае. Гэта гісторыі людзей з іх паўсядзённымі турботамі, стратамі і надзеямі, якім не спраўдзіцца. Адныя гісторыі аўтары назіраюць здалёк, у іншых яны самі героі.

Горад Марыі Бяльковіч паўстае праз уражанне. Колер, пах, выпадковы гук маюць большае значэнне, чым дакладная геаграфія. На першым месцы ― аўтарскае Я. У адным аповедзе горад і вобраз каханага сплятаюцца. Іншым разам у дуэце вобразаў ― разбіты ліхтар і ліхтаршчык, які напаўняе апошняга жыццём, разлівае ў ім гарачыню сваім дакрананнем, ― таксама няцяжка ўгледзець інтымную падаснову. Аднак для яркай, запамінальнай імпрэсіі Марыі Бяльковіч не хапае нечаканых вобразаў, супярэчнасцей, якія б адкрылі звыклую карціну ў новым ракурсе, не хапае выразнасці мастацкай мовы.

Для Аляксея Карпекі імгненнае ўражанне таксама мае большае значэнне, чым уласна аповед, хоць у яго творах ёсць намёкі на сюжэтнасць, і сюжэты гэтыя ― змрочна-фантастычныя. Для аўтара перадусім важна стварыць карцінку, ён робіць стаўку на візуальны вобраз. Але насуперак гэтаму моцны бок яго таленту якраз у накідах з натуры, кшталту «снежинки прилипали к пальто, точно мошки к потному, липкому телу». Такіх небанальных параўнанняў чакаеш і надалей, але аўтар аддае перавагу апісанням ап’янення, тутунёвага дыму і самоты.

Зося Іванюціна і Мілана Пасанен ― аўтары, якія аднолькава захапляюць непасрэднасцю аповеду. Разглядаць іх разам тым больш цікава, што спадарыня Зося ― бабуля спадарыні Міланы. Першая звяртаецца да ўспамінаў маладосці, праз якія паўстае шчырая, даверлівая, але разам з тым іранічная дзяўчына. Ад такой гераіні заўжды можна чакаць цікавых каментарыяў датычна рэчаіснасці. Гэтую рысу пераняла Мілана: яе «Каралева рулету» трапна прыкмячае камічнасць аднагодкаў, але яе нататкі зусім не з’едлівыя ― наадварот: у іх ёсць кранальнасць свежага погляду, да ўсяго, пакепліванне з падлеткавых драм (асабліва датычна «любовей») закранае і самую апавядальніцу. Пры такім здаровым поглядзе на паўсядзённасць і сябе, а таксама гульні са словам (пакуль на ўзроўні адкрытага эксперымента, калі аўтар здзіўляецца сэнсавым паваротам і прапаноўвае падзівіцца чытачу) ад Міланы Пасанен можна чакаць небанальных твораў, а галоўнае ― чытэльных. Школа дае відавочны плён.

Усё тая ж іронія, але прыхаваная лірыкай, ― у замалёўках Дар’і Латышавай, схільнай больш да роздуму над мінулым, чым да фіксацыі цяперашняга, і пачуцці для яе ― нагода для развагі.

Прыкметна вылучаецца апавяданне «Буферная зона» Міраслава Шапавалава. Яно магло б стацца паўнавартаснай аповесцю, балазе персанажаў і фактычнага матэрыялу, як і майстэрства аўтара, стае. Гэта гісторыя сям’і, якую з роднага дому на Кіпры выгнала вайна. Невялікі твор змясціў сямейную сагу ў мініяцюры: шчаслівае дзяцінства, крыху перадгісторыі, вайна, раскол сям’і, асабістыя страты на фоне трагедыі народа, праблемы мігрантаў, вяртанне, новая трагедыя ― пусты дом як дакор, адчуванне сябе здраднікам і, ўрэшце, погляд у будучыню. Міраслаў Шапавалаў, як і Антон Рудак, абапіраецца ў аповедзе на гістарычны матэрыял, аднак ён больш лірычны апавядальнік. Перадусім таму, што спадар Міраслаў ужываецца ў ролю галоўнага героя і можа перадаць яго пачуцці.

Падобны матыў ― расстанне з домам і пачуццё віны ― у прозе Артура Камароўскага, але тут асабісты фактар узмацняецца яшчэ больш. Аўтар рэфлексуе, надае шмат увагі прыродным замалёўкам і, пра што б ні пісаў, галоўным у аповедзе застаецца ён сам. Мінорны матыў увогуле пераважае ў зборніку, і частае слова ў ім ― «смерць». Гіне герой Паўла Якуця; аўтар фактычна паказвае гібель юнака, які насамрэч загінуў раней, не здолеўшы змірыць у сабе супрацьлеглыя жаданні. Вырачная на гібель гераіня Ліліі Гусаравай. Са смерцю сутыкаюцца дзеці ў апавяданнях Вольгі Агапонавай, праўда, не з рэальным яе абліччам, а збольшага сімвалічным: так змякчаецца непазбежнае. Безвыходнасць, здавалася б, у апавяданні «Чужое жыццё» Стасі Кацюргіной. Тут паэтэса, якая сцвердзіла сябе як аўтарка інтымнай лірыкі, працягвае ўсё той жа матыў ― усеабдымнасць кахання, прага нарадзіць. Але ў прозе ўсё паварочваецца трагедыяй.

І ўсё ж жыццё выходзіць пераможцам! Маладыя аўтары не прымаюць смерць як нешта незваротнае: Павел Якуць дае герою працяг ва ўратаванай дачцэ, Лілія Гусарава надзяляе гераіню звышчалавечым аптымізмам, Вольга Агапонава, як мы ўжо казалі, ператварае старую з касой у нешта прывіднае, а гераіня Стасі Кацюргіной пражывае іншае жыццё ― і не мае значэння, што яно несапраўднае: для самой гераіні ўсё рэальна.

Ураўнаважваюць трагедыю калядныя гісторыі Юліі Мароз і Ксеніі Шталенковай. Спадарыня Юлія прапаноўвае чытачу казку ― для дзіцячай аўдыторыі цалкам прымальную. «7 апавяданняў на 7 калядных вечароў» Ксеніі Шталенковай ― таксама казка, але ўжо для сталага чытача. Галоўнае дасягненне аўтаркі нават не ў рэалістычных героях ці абаяльнасці мовы, але ва ўменні стварыць патрэбную атмасферу. Дух аповедаў, звязаных між сабой ланцужком герояў, ― самы што ні на ёсць калядны. Цуд тут просты: ніхто не застаецца самотны. У той жа час за святочнай гісторыяй праступаюць будзённыя пытанні: як часта мы сутыкаемся з людзьмі, якім патрэбна крыху ўвагі, крыху цяпла, але застаемся безуважнымі? Чаму б цуд чалавечай увагі не спраўджваць ва ўсякія іншыя дні? Героі Ксеніі Шталенковай вельмі розныя ― па ўзросце, прафесіі, стаўленні да святаў, светапоглядзе, ― але ўсім патрэбна адно: чалавек. Што да майстэрства аповеду, тут спадарыня Ксенія толькі пацвердзіла ўменне трымаць чытацкую ўвагу.

Сярод аўтараў «Казак майго горада» большасць паказалі здольнасць выбудаваць сюжэт, стварыць жывых герояў, якіх можна адрозніць адно ад аднога без падказкі аўтара, па адным толькі маўленні. Зрэшты, асобныя аўтары ўжо і не пачаткоўцы: вядомыя Антон Рудак, Ксенія Шталенкова, Андрэй Лазуткін; радзей гучыць імя Мікіты Волкава, але ён не менш запамінальны празаік. У выпадках, калі аўтары захопленыя асабістымі перажываннямі і займаюцца іх занатоўваннем, хочацца заўважыць ― хоць бы з чытацкага пункту гледжання, ― што такія нататкі вялікай цікаўнасці не ўяўляюць (хіба што ты віртуоз мовы). Іншая справа, калі рэфлексія належыць герою, выразнаму і супярэчліваму, жывому.

Чытачу перш за ўсё патрэбны апавядальнік. Памятаеце? «Усе жанры добрыя, акром сумных».

Наста ГРЫШЧУК

напісанае застаецца







Кантакты
Адрас рэдакцыі: Юрыдычны адрас:
220013, Мінск,
вул. Б. Хмяльніцкага, 10-а
Е-mail: lim@zviazda.by

Адрас для карэспандэнцыі:
220013 Мінск, пр. Незалежнасці, 77
Е-mail: lim_new@mail.ru

Адрас у інтэрнэце: www.lim.by

Тэлефоны:
галоўны рэдактар — 292-20-51
намеснік галоўнага
рэдактара — 287-17-98
адказны сакратар — 292-20-51
аддзел крытыкі і бібліяграфіі — 292-56-53
аддзел прозы і паэзіі — 292-56-53
аддзел мастацтва — 292-20-51
аддзел «Кніжны свет» — 292-56-53
бухгалтэрыя — 287-18-14
Тэл./факс — 292-20-51
Выходзіць раз на тыдзень
па пятніцах.

Падпісныя індэксы:
63856 — індывідуальны;
63815 — індывідуальны льготны
для настаўнікаў;
638562 — ведамасны;
63880 — ведамасны льготны.
Пасведчанне аб дзяржаўнай
рэгістрацыі сродку масавай
інфармацыі № 7 ад 10.12.2012,
выдадзенае Міністэрствам
інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Выдавец:
Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом “Звязда”».
Дырэктар — галоўны рэдактар
Аляксандр Мікалаевіч КАРЛЮКЕВІЧ
Тэхнічны рэдактар,
камп’ютарная вёрстка:
А. В. Бізункова
Камп’ютарны набор:
Г. Я. Палякова
Стыльрэдактар:
Н. А. Святлова