Навіны














Жанна Капуснікава: «Тут усё сапраўднае!»

Унікальны праект

 

Кожнай мастацкай рабоце ў гэтым альбоме папярэднічае фотаздымак, які і стаў натхняльным для творцы. Кароткі тэкст-нататка, надрукаваны на газетнай паперы, распавядае гісторыю ці факт з жыцця сучаснай вёскі. Калі скласці ўсе тэкставыя замалёўкі з альбома, то атрымаецца цэлая газета, прысвечаная збору ўраджаю, жыццю камбайнераў, даярак. У суправаджальных надпісах-тлумачэннях да работ — цытаты з твораў Івана Мележа, Янкі Купалы… Усё гэта — факты пра незвычайны альбом работ мастачкі Жанны Капуснікавай «Дажынкі» (Мінск: Галіяфы, 2015), што быў прэзентаваны ў сталічным «Кніжным салоне».

— Два гады таму, калі я працавала над праектам «Дажынкі», яшчэ на этапе падрыхтоўкі ўзнікала шмат пытанняў: дзе крыніца гэтых вобразаў, чаму ўсё паказана менавіта так? — распавяла падчас прэзентацыі Жанна Капуснікава. — Таму ўзнікла жаданне апярэдзіць дапытлівых гледачоў і зрабіць тлумачэнні — да ўсяго цыкла ў цэлым і да кожнай з работ у прыватнасці. Але атрымалася так, што да адкрыцця выстаўкі зрабіць надпісы на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай — не паспелі. І тады мой брат сказаў: «Давайце зробім каталог!»

У выніку ў альбоме-каталогу, які спачатку задумваўся як маштабная кніга ўсёй творчасці Жанны Капуснікавай, былі сабраныя фотаздымкі, тэксты, работы толькі да праекта «Дажынкі». У суправаджэнні артыкулаў вядомых мастацтвазнаўцаў, ды і расповеду самой аўтаркі пра сваю творчасць гэтыя элементы, як частачкі мазаікі, склаліся ў цэласную карціну. У гэтай кнізе, хоць яна выглядае як праект эксперыментальны, усё досыць лагічна. Штуршком да распрацоўкі праекта сталі фотаздымкі сына Жанны Капуснікавай Георгія, зробленыя летам у Лагойскім раёне. Там малады чалавек працаваў памочнікам камбайнера падчас жніва.

— Сын прынёс мне фота, каб падзяліцца думкамі і ўражаннямі. —Здымкі, што ў выніку ўвайшлі ў альбом, Георгій ніколі не лічыў мастацкімі творамі, бо рабіў іх для сябе толькі з цікавасці. Спачатку ў мяне былі складанасці з выбарам мовы. Як расказаць гэтыя гісторыі, каб усім было цікава? Таму я вырашыла скарыстацца мовай іранічнай, каб не ствараць сцяну паміж сабой і гледачамі, а рабіць усё лёгка, весела і без пафасу.

З цягам часу элементы мастацкай выстаўкі склаліся ў цэласны праект альбома. Аўтары хацелі данесці да гледачоў рэпартажныя фотаздымкі, зробленыя Георгіем падчас працы, і работы Жанны Капуснікавай. Таму газетны фармат для расповеду нібыта напрошваўся сам. Адметна, што ў каталогу ўсе тэкставыя ўстаўкі (на беларускай, рускай і англійскай мовах) зробленыя на сапраўднай газетнай паперы, нават колер выбіраўся адмыслова.

Гісторыі з жыцця вёскі, расказаныя ў рэпартажах і інтэрпрэтаваныя ў работах мастачкі, розныя — смешныя, сур’ёзныя, сумныя. Так, рабоце «Даярка» папярэднічае тэкст пра тое, што цяпер кароў дояць з дапамогай спецыяльных тэхнічных прыстасаванняў, таму жывёлы нават сумуюць па чалавечым цяпле. А на стварэнне работы «Выратаванне» натхніла гісторыя, з якой можна даведацца, што падчас уборкі рапсу часта разбураюцца гнёзды качак, дзе толькі нарадзіліся птушаняты. Таму камбайнеры могуць стаць выратавальнікамі качанят. Ёсць у кнізе і такія развагі: у працэсе эвалюцыі ногі буслоў… пакарацеюць! Каб здабыць ежу, ім цяпер не абавязкова хадзіць па балотах, трэба толькі сачыць за камбайнамі на полі падчас уборкі ўраджаю.

Каб аформіць работы, такія розныя тэматычна, у адзін цыкл, выбраць агульную форму, Жанна Капуснікава звярнулася да беларускай традыцыі маляванак — маляваных дываноў. На такіх дыванах у даўнія часы мастакі адлюстроўвалі тое, чаго яны самі ніколі не бачылі, не мелі ў жыцці, таму і паказвалі рэальнасць больш яркай, разнастайнай. Але нельга сцвярджаць, што такія насычаныя колеры ў работах Жанны Капуснікавай штучныя і не характэрныя для беларускага традыцыйнага мастацтва. У прадмове да кнігі «Дажынкі» мастачка піша: «Мая мама нарадзілася і вырасла на Палессі. Там, дзе цяпер зона адчужэння. У 2011-м мы ездзілі туды з сынам і вельмі відавочна адчулі сувязь з той зямлёй… І яшчэ я зразумела, адкуль у мяне такая цяга да фарбаў! Там такое неба! Белы пясок… фіялетавыя цені… верасовыя зараснікі колеру бэзу… А кветкі! Немагчыма прыдумаць назву колеру лугавога гваздзіка, які расце на пяску, — куды там да яго трапічнай фуксіі! І гэта буйства фарбаў людзі пераносілі ў свае хаты, у вышыўкі і ткацтва, роспісы «куфраў ды маляванак»».

Ды не толькі колеры і вясковыя сюжэты яднаюць работы Жанны Капуснікавай з беларускай традыцыйнай культурай. Тут ёсць згадка пра абрад сватання жаніха на Палессі, падчас якога бацькі дзяўчыны, дэманструючы нязгоду на замужжа, маглі вынесці сватам гарбуз. У апісанні карціны з алюзіяй на гэты звычай прыводзіцца цытата з Мележа. А да работы Жанны Капуснікавай «У спакою» аўтары ў якасці тлумачэння падабралі цытату з верша Янкі Купалы «Над ракою ў спакою». Адметна, што вытрымкі з мастацкіх тэкстаў у тлумачэннях да работ на рускую і англійскую мову ў альбоме не перакладаюцца, таму апісанні, што падаюцца на розных мовах паралельна, часта адрозніваюцца. Так, да прыкладу, у расповедзе пра карціну «Купалле» аўтары не тлумачаць па-беларуску адметнасцей гэтага свята, зыходзячы з меркавання, што пра яго ў нашай краіне ўсе ведаюць.

Марына ВЕСЯЛУХА,

фота аўтара

Мастачка Жанна Капуснікава прастаўляе альбом

«Дажынкi».

напісанае застаецца







Кантакты
Адрас рэдакцыі: Юрыдычны адрас:
220013, Мінск,
вул. Б. Хмяльніцкага, 10-а
Е-mail: lim@zviazda.by

Адрас для карэспандэнцыі:
220013 Мінск, пр. Незалежнасці, 77
Е-mail: lim_new@mail.ru

Адрас у інтэрнэце: www.lim.by

Тэлефоны:
галоўны рэдактар — 292-20-51
намеснік галоўнага
рэдактара — 287-17-98
адказны сакратар — 292-20-51
аддзел крытыкі і бібліяграфіі — 292-56-53
аддзел прозы і паэзіі — 292-56-53
аддзел мастацтва — 292-20-51
аддзел «Кніжны свет» — 292-56-53
бухгалтэрыя — 287-18-14
Тэл./факс — 292-20-51
Выходзіць раз на тыдзень
па пятніцах.

Падпісныя індэксы:
63856 — індывідуальны;
63815 — індывідуальны льготны
для настаўнікаў;
638562 — ведамасны;
63880 — ведамасны льготны.
Пасведчанне аб дзяржаўнай
рэгістрацыі сродку масавай
інфармацыі № 7 ад 10.12.2012,
выдадзенае Міністэрствам
інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Выдавец:
Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом “Звязда”».
Дырэктар — галоўны рэдактар
Аляксандр Мікалаевіч КАРЛЮКЕВІЧ
Тэхнічны рэдактар,
камп’ютарная вёрстка:
А. В. Бізункова
Камп’ютарны набор:
Г. Я. Палякова
Стыльрэдактар:
Н. А. Святлова